Севярынца мусілі выпусціць з "Валадаркі" 20 снежня — але не выпусцілі
Павел Севярынец / Еўрарадыё
У кастрычніку палітыку і хрысціянскаму актывісту Паўлу Севярынцу працягнулі "тэрмін следства" на два месяцы — да 20 снежня. На дварэ 24 снежня, а Севярынец дагэтуль знаходзіцца ў мінскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.
Сваякі Паўла не ведаюць прычыны, з якой ён дагэтуль знаходзіцца ў турме.
— Можна выказаць здагадку, што расследаванне па справе Паўла, як і расследаванне па справах Статкевіча, Ціханоўскага, працягнулі. Калі я пішу ў Следчы камітэт, то там нічога дакладна мне не адказваюць. Нават не называюць артыкул, па якім Паўла там трымаюць. Яны проста пішуць нумар справы і кожны раз адмаўляюць нам у спатканні і сустрэчы з сынам. Прычына адмовы ў спатканні — "немэтазгодна", — распавядае Еўрарадыё маці Паўла Севярынца Таццяна Яўгенаўна.
Мама Севярынца кажа, што Паўлу прыходзіць шмат лістоў ад паплечнікаў і тых, хто спачувае. Ад Паўла лісты таксама прыходзяць, але са спазненнем:
— Учора мы атрымалі ліст ад Паўла 17 снежня. Наш апошні ліст ён атрымаў 7 снежня.
Даведацца пра ход справы пакуль таксама не атрымліваецца: адвакатка Паўла цяпер на самаізаляцыі, трапіць да яго яна не зможа да 28 снежня.
Мяркуючы па лістах, якія прыходзяць маці ад Паўла Севярынца, ён не падае духам.
— Паша моліцца, піша казкі для сына. Піша ўжо трэцюю сваю кнігу, свой "Беларусалім", і вельмі чакае навін. Павел, як і ў 2011 годзе, нічога ім не расказвае, не дае паказанняў, з імі ён не размаўляе. Ды і што ён ім можа сказаць? Хіба што "Хлопцы, хутчэй кідайце гэты ганебны занятак, звальняйцеся з гэтых пасад, ратуйце вашыя душы", — кажа Таццяна Севярынец. — Наколькі мне вядома, Павел знаходзіцца ў вельмі дрэннай камеры. Камера нумар 101 — як насмешка, яна супадае з нумарам кватэры, у якой прапісаны Паша. У камеры вялікая вільготнасць, яна знаходзіцца ледзь не ў склепе. Паша з гумарам апісваў, як яны з сукамернікам лавілі камароў у камеры.
Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.