Сейм Літвы адклаў закон аб падаўжэнні абмежаванняў для беларусаў і расіян
Сейм Літвы, ілюстрацыйнае фота
Сейм Літвы адклаў прыняццё закона аб падаўжэнні абмежаванняў для беларусаў і расіян.
Закон мусілі разглядаць 12 лютага на пасяджэнні сёмай пазачарговай сесіі літоўскага парламента. Аднак дэпутаты адклалі яго разгляда да восьмай, вясновай сесіі. Сам дакумент вырашана накіраваць у камітэты па нацыянальнай бяспецы і замежных справах.
Абмежаванні былі ўведзеныя ў траўні 2023 года пасля таго, як у памежных рэгіёнах Літвы скасавалі рэжым надзвычайнай сітуацыі. Тады ў часовы закон былі перанесеныя шэраг палажэнняў, прынятых у рамках надзвычайнай сітуацыі. Дзеянне часовага закона працягнецца да пачатку траўня 2024 года.
У законапраекце, які прапанавала МЗС і ўхваліў урад, прапануецца падоўжыць абмежаванні на год — да 2 траўняя 2025 года. Пры гэтым ёсць дадаткі: грамадзяне Беларусі пры ўездзе ў Літву па шэнгенскіх візах будуць праходзіць дадатковую праверку і ацэнку. Для расін такі парадак уезду дзейнічае з мінулага года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.