Шэф беларускай місіі на Паралімпіядзе: Мы абураныя ўчынкам Фомачкіна

Шэф беларускай місіі на Паралімпіядзе: Мы абураныя ўчынкам Фомачкіна

Шэф беларускай місіі на Паралімпіядзе ў Рыа Мікалай Шудзейка заявіў, што нашы спартсмены абураныя ўчынкам госця дэлегацыі Андрэя Фомачкіна, які пранёс расійскі сцяг на цырымоніі адкрыцця Гульняў.

У інтэрв’ю The Guardian Шудзейка заявіў, што каманда мае намер дыстанцыявацца ад Фомачкіна, дзеянні якога віталі як расійскія, так і беларускія ўлады. Таксама шэф беларускай дэлегацыі адзначыў, што пахвалы з боку расійскага ўраду вельмі засмучаюць нашых паралімпійцаў.

“Я не ўяўляў, што гэты чалавек збіраецца зрабіць такія дзеянні. Я быў узрушаны, убачыўшы ў яго руках расійскі сцяг падчас цырымоніі. Я папрасіў Фомачкіна прыбраць сцяг, ён зрабіў гэта толькі з другога разу”, — тлумачыць Шудзейка.

Па яго словах, Фомачкін быў акрэдытаваны ў якасці госця кіраўніка Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Беларусі Алега Шэпеля. Ён не быў сябрам беларускай дэлегацыі і вырашыў паўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцця ў самы апошні момант.

Таксама Шудзейка паведаміў, што прынёс прабачэнні за гэты інцыдэнт Міжнароднаму паралімпійскаму камітэту.

"Усе беларускія спартсмены і службовыя асобы шкадуюць пра гэты выпадак. Яны не хочуць быць ўцягнутыя ў парушэнне правілаў спаборніцтваў. Усе яны асудзілі дзеянні Фомачкіна. Гэта мая віна, што я не змог перадухіліць гэты інцыдэнт. Перад цырымоніяй я праінструктаваў ўсіх членаў дэлегацыі, распавёў, што палітычныя сімвалы і лозунгі забароненыя. Усе спартсмены строга выконвалі гэтыя правілы", — сказаў Мікалай Шудзейка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі