Шкадую, што не магу выйсці з БЧБ-сцягам — выканаўца ролі Янкі Купалы ў фільме
Мікалай Шастак у ролі Янкі Купалы ў фільме "Купала"
Латвійскі актор Мікалай Шастак граў галоўную ролю ў фільме "Купала", які так і не выйшаў на беларускія экраны. Падчас прагляду гатовага фільма на фінальных тытрах ён заплакаў, прызнаецца артыст.
"Таму што я... пазайздросціў беларусам. Я глядзеў фільм ужо пасля пратэстаў, у іх кантэксце. Кіно ж у выніку аказалася вельмі прароцкім. Ты глядзіш, бачыш гэтыя паралелі — расстрэл і разгон дэманстрантаў, рэпрэсіі — і ўсё проста адзін у адзін. Я плакаў, бо вы — нацыя. Бо ў вас ёсць такое кіно, якое праяўляе нацыянальны і культурны код беларуса", — кажа Мікалай Шастак.
Сам актор кажа, што не адчувае сябе сваім ні ў Латвіі, дзе жыве, ні ў Расіі, да чыёй культуры сябе залічвае ("я не расіянін з іх менталітэтам — я адчуваў сябе там не сваім").
А вось у Беларусь ён хацеў бы паехаць, каб выйсці з бел-чырвона-белым сцягам і спяваць "Пагоню": "Я адчуў вельмі цёплае стаўленне да сябе ў Беларусі. Пасля "Купалы" я адчуў сваё дачыненне да гэтага народа. Калі б не было ўсіх гэтых сучасных рэалій, я б нават паехаў туды пажыць і папрацаваць. Уяўляю, што мы маглі б з Янкоўскім і іншымі хлопцамі зрабіць нешта менавіта для Беларусі, нешта ваша, роднае, сапраўднае... Але абставіны дыктуюць зусім іншыя правілы гульні. Мне было зайздросна, што я — не вы, што я не чысты беларус і не магу выйсці "афіцыйна" з бчб-сцягам і спяваць гімн "Пагоня".
Мікалай Шастак ганарыцца тым, што ягоная ролю стала часткай беларускай культуры (фільм "Купала" зняты па-беларуску): "Дапусцім, латышская мова можа знікнуць, таму што краіна будзе паглынутая больш буйной імперыяй. Сапраўды гэтак жа мы цяпер можам бачыць працэс знішчэння беларускай мовы. Таму важна спяваць песні на беларускай мове, пісаць на ёй вершы, таму што п'есы, апавяданні — менавіта гэта ўсё застанецца. Менавіта гэта будзе сведчаннем беларускай мовы. І я вельмі спадзяюся, што нам удасца падоўжыць жыццё маленькіх культур".
Фільм "Купала", зняты яшчэ да падзеяў 2020 года, так і не выйшаў у шырокі пракат, хоць яго і называлі "нацыянальным праектам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.