Шматдзетная маці біла дзяцей і абяцала "сысці разам з імі да Бога"
Камісія па справах непаўналетніх у Маладзечне 27 сакавіка забрала са шматдзетнай сям'і дзевяць дзяцей, піша mlyn.by. Як выявілася, маці з бацькам збівалі іх у пакаранне за правіннасці.
Малодшаму хлопчыку споўнілася толькі паўгода, старэйшаму — 13 гадоў. Дзякуючы яму і сталі вядомыя сямейныя норавы.
Хлопец, як і ўсе старэйшыя дзеці сям'і, вучыцца ў Радашковіцкай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна. 21 сакавіка сацыяльны педагог Вікторыя Пазлевіч заўважыла сінякі ў яго на руцэ. Пра іх паходжанне хлопчык распавёў толькі на наступны дзень. Хлопчык расказаў, што яго і малодшых дзяцей збіваюць бацькі. А таксама, што мама абяцала сысці разам з імі да Бога — на Вялікдзень або ў Вербную нядзелю. І што да ўсіх іх прыйдзе смерць.
Потым пра матчыны пабоі распавялі яго малодшыя сёстры. Білі бацькі толькі старэйшых шасцярых дзяцей. Тых, каму ад паўгода да трох, пашанцавала больш. Педагог адразу ж паведаміла ў аддзел адукацыі райвыканкама, камісію па справах непаўналетніх і ў міліцыю.
Ужо 22 сакавіка падлетка перавялі ў сацыяльны прытулак пры Радашковіцкай школе-інтэрнаце. Дадому ісці ён баяўся, каб бацькі не збілі за расповед.
На камісіі па справах непаўналетніх 23 сакавіка маці заявіла, што дзяцей карае не яна, а Бог. А яна толькі вызначае колькасць удараў рамянём. "Маўляў, біла і буду біць. На пытанне, што яна лічыць правінай і за што б'е дзяцей, жанчына прывяла ў прыклад выпадак, калі сын прагуляў заняткі ў музычнай школе, пра што яна даведалася ад педагога. І пакарала", — распавядае намесніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх Маладзечанскага райвыканкама Вольга Клепакова.
27 сакавіка камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне забраць дзяцей з сям'і. Старэйшы сын шпіталізаваны з падазрэннем на пнеўманію, з ім працуе дзіцячы лекар-псіхіятр. Трое самыя маленькіх дзяцей таксама ў лякарні і неўзабаве адправяцца ў УАЗ "Барысаўскі дом дзіцяці", бо сацыяльны прытулак пры Радашковіцкай школе-інтэрнаце прымае дзяцей толькі ад трох гадоў. Астатніх шасцярых змесцяць у гэтую ўстанову.
Дзяцей могуць вярнуць у сям'ю праз паўгода, калі будуць ліквідаваныя прычыны, якія прывялі да такой сітуацыі. Калі сітуацыю выправіць не ўдасца, бацькоў могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, кажа Вольга Клепакова.
Педагогі кажуць, што сям'я мела толькі станоўчыя характарыстыкі. Яе гаспадыня мела Ордэн Маці, сям'я прычашчалася ўсім складам ў царкве евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў. Праўда, нядаўна перастала яе наведваць. Што здарылася з бацькамі, сказаць цяжка: на кантакт з прадстаўнікамі баптысцкай грамады яны не ідуць.