Шоўмэн Зяленскі найхутчэй паўдзельнічае ў выбарах прэзідэнта Украіны
Шоўмэн Уладзімір Зяленскі найхутчэй паўдзельнічае ў выбарах прэзідэнта Украіны. На YouTube-канале Дзмітрыя Гардона днямі з'явілася трохгадзінная гутарка з ім. Нягледзячы на тое, што на наўпроставае пытанне пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Зяленскі адназначна не адказаў, у іншых адказах фактычна гэта пацвердзіў. "Пасля гэтага інтэрв'ю на гэты конт пытанняў не застанецца ні ў каго", — кажа Гардон.
Уладзімір Зяленскі прызнаўся, што яшчэ думае і раіцца з сям'ёй. У той жа час ён прызнаўся, што ўжо мае некалькіх чалавек, якія маглі б быць у яго прэзідэнцкай камандзе. Зяленскі паразважаў пра тое, як трэба спыніць вайну на ўсходзе Украіны, як падняць эканоміку, як спыніць выезд моладзі за мяжу. Ён заявіў, што калі б украінцы яго выбралі прэзідэнтам, ім не было б сорамна за гэты выбар. Шоўмэн займае другое месца ў рэйтынгу патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах (наперадзе — Юлія Цімашэнка). Мяркуецца, што ён дакладна трапляе ў другі тур, а там Цімашэнку перамагае.
Уладзіміру Зяленскаму 40 гадоў. Ён — ураджэнец Крывога Рога. Зяленскі — шоўмэн, кінаакцёр, прадусар, сцэнарыст, лідар студыі "Квартал-95". Зяленскі зняўся ў папулярным серыяле "Слуга народа" (2015) і "Слуга народа-2" (2016), у якім выканаў ролю настаўніка гісторыі, а пасля — прэзідэнта Украіны Васіля Галабародзькі. Уладзімір Зяленскі называе сябе заможным і незалежным ад алігархаў чалавекам.
Прэзідэнцкія выбары ва Украіне прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года. Яшчэ да іх мусіць з'явіцца "Слуга народа-3".
Больш важных падзей у выніковай праграме ЕЎРАЗУМ: