Шрайбман: улада паказвае, што можа рабіць дурныя памылкі
Арцём Шрайбман / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
"Я чакаў, што ў гэтым годзе ўлада не будзе чакаць з рэпрэсіямі да дня выбараў, а паспрабуе напалохаць патэнцыйных пратэстоўцаў раней — у ліпені ці пачатку жніўня. Але таго, што яна пачне так рана, я не чакаў", — кажа палітычны аналітык Арцём Шрайбман. З рэдактарам Еўрарадыё Змітром Лукашуком ён абмяркоўвае, як паўплывае на пратэстныя настроі затрыманне Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў, ці дасць Лукашэнка загад страляць, да чаго рыхтавацца альтэрнатыўным вылучэнцам у прэзідэнты і якія перспектывы байкоту выбараў.
Рэакцыя Лукашэнкі на Ціханоўскага
Ціханоўскі — гэта выклік абсалютна новага парадку для сістэмы, і тут ужо проста рэакцыя... калі хочаце, нервовая. Яна жывёльная практычна. Убачылі пагрозу, убачылі чалавека, які адкрыта заклікае да рэвалюцыі. Ён не гуляе ў нейкія гульні рытарычныя, ён проста адразу кажа: "Так, мы ідзём зрынаць рэжым. Так, вайскоўцы і міліцыя, пераходзьце на наш бок. Так, мы будзем праводзіць плошчы — і ў гарадах, і ўсюды". Зразумела было, да чаго чалавек ішоў, якая ў яго дынаміка. Вырашылі збіць на ўзлёце, зараз.
Айцішныя топы крытыкуюць Цапкалу
У IT-супольнасці ў ПВТ ёсць прычыны не любіць Валерыя Цапкалу. Там шмат крытыкі ў яго адрас. На ўзроўні, што ён неяк дрэнна адміністраваў ПВТ, калі быў на чале, мала пускалі кампаній, не развівалі прадуктовыя кампаніі. Я шмат чую негатыўных меркаванняў пра Цапкалу з топавага IT-асяроддзя. Не ад "шараговых" айцішнікаў, а ад кіраўніцтва.
Збоі нават у рэпрэсіях
У апошнія гады дзеянні ўлады сталі менш рацыянальнымі з пункту гледжання самавыжывання. Улада робіць шмат рэчаў, якія можна было б рабіць танчэй. Нейкія прапагандысцкія праграмы па ТБ, сенатары, якіх ніхто не слухае, раптам пачынаюць у "Фэйсбуку" наязджаць на Ціханоўскага. У адказ атрымліваюць тысячы каментаў з хейтам...
Нягледзячы на тое, што ўлада трымаецца зубамі за крэсла, якасць выканання стала нашмат горшай. Нават у рэпрэсіях пачаліся збоі.
У прынцыпе, усе загінулыя рэжымы рабілі такія ж памылкі. Ці падзенне гэта нашага рэжыму? Мы не ведаем. Я ўжо не выключаю любых сцэнарыяў на лета гэтага года. Улада паказвае, што яна можа рабіць дурныя памылкі.
Стомленасць грамадства
Я бачу зону нявызначанасці ў паводзінах наменклатуры. Я не кажу, што яна здрадзіць Лукашэнку ці я бачу раскол, але ў параўнанні з мінулым годам гэта ўжо не нулявая верагоднасць. У нас абсалютна відавочная стомленасць усіх слаёў грамадства. З наменклатуры даносіцца абурэнне палітыкай улады падчас пандэміі. У прынцыпе, у нас ёсць прымальныя для наменклатуры кандыдаты, у першую чаргу Бабарыка. У Бабарыкі ёсць магчымасць паказаць ужо ў першым туры вельмі вялікі вынік. У такой сітуацыі беларуская ўлада яшчэ не была і як сябе павядзе — ніхто не ведае.
Бабарыка працуе, каб улады кожны дзень паказвалі сваё нутро
Бабарыка дамагаецца, каб улады паказвалі сваё нутро кожны дзень замест таго, каб чакаць 9 жніўня. Інакш было б так: уся кампанія як быццам ішла сумленна, а 9 жніўня раптам здарыўся адзін такі момант падману — і ўсе разгубленыя. Што робіць Бабарыка? Сёння ён панёс дакументы ў ЦВК — скардзіцца на Лукашэнку, што той яго абражае, — і на адміністрацыйны ціск. ЦВК будзе вымушаны адказваць. Бабарыка працуе, каб зрабіць непразрыстасць працэсу відавочнай са старту, а ўлада дэманстравала, што не асабліва зацікаўленая ў дэмакратычным працэсе.
Страляніна на паражэнне малаверагодная
Лукашэнка ніколі не быў у сітуацыі, калі яму трэба было прымаць надзвычайныя рашэнні па разгоне людзей. Наконт таго, ці гатовы ён даць загад страляць, — не думаю, што гэта спатрэбіцца. Я не ўпэўнены, што градус супрацьстаяння ў беларускім грамадстве дасягнуў таго пункту, калі бакі будуць гатовыя адзін у аднаго страляць на паражэнне. Нават самыя брутальныя беларускія разгоны не даходзілі па жорсткасці да, напрыклад, Кыргызстана, дзе дзясяткі людзей забівалі, да Майдана, сённяшніх сутыкненняў у ЗША, нядаўніх сутыкненняў у Францыі...
Я сумняюся, што мы дасягнём стадыі, калі бакі будуць ваяваць на знішчэнне. Мне здаецца, што сёння сілавікоў у Беларусі хапае для таго, каб традыцыйнымі метадамі разабрацца з любым пратэстам, які могуць сабраць апаненты Лукашэнкі да жніўня. Я не прадбачу апакаліптычных сцэнарыяў.
Байкот не здольны змяніць уладу
Нават людзі, якія выступаюць за байкот, кажуць што гэта не метад змены ўлады. Гэта частка больш агульнай стратэгіі, якая ў іх разуменні здольная прывесці да нечага іншага. Гэта значыць, мы байкатуем выбары, мы будуем актыўнасць па-за выбарамі, нейкім чынам прымушаем уладу да размовы і гэтак далей. Я лічу гэта ўтапічнай тактыкай, асабліва ў Беларусі. Асабліва цяпер, калі з'явіліся цікавыя кандыдаты і сапраўды большасць пойдзе за іх галасаваць. Я не памятаю, калі байкотам апазіцыя дасягала перамогі.
Захад рэагуе сур'ёзна толькі пасля крымінальнага прысуду
Затрыманне дзясяткаў людзей адначасова выклікае заяву Захаду. Затрыманні журналістаў, суткі журналістам — таксама. Думаю, калі Ціханоўскаму прад'явяць абвінавачванні і не адпусцяць, гэта таксама выкліча заяву Захаду, але... не больш за заяву.
Думаю, што Захад сур'ёзна рэагуе толькі пасля крымінальнага прысуду. Нядаўна праваабаронцы прызналі палітвязнем Філіпа Шаўрова, але рэакцыі Захаду не было. Прысуд аказаўся не звязаны з пазбаўленнем волі. Тут тое ж самае: для Захаду чырвоная рыса — палітвязні. Людзі, якія пасля крымінальнага прысуду садзяцца ў турму — палітычныя праціўнікі ўлады.
Прагноз
Нічога не выключаю, але мой базавы прагноз: ва ўлады атрымаецца сябе захаваць. Але я кажу пра гэта ўжо не настолькі ўпэўнена, як паўгода таму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.