Што Лукашэнка можа "прадаць" Захаду? Тры сцэнары для пачатку дыялогу

Міністры замежных спраў Венгрыі і Беларусі Петэр Сіярта і Сяргей Алейнік / mfa.gov.by
Міністры замежных спраў Венгрыі і Беларусі Петэр Сіярта і Сяргей Алейнік / mfa.gov.by

Візіт міністра замежных спраў Венгрыі ў Мінск — гэта спроба рэжыму Лукашэнкі пачаць дыялог з Захадам. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявіла незалежная экспертка Роза Турарбекава.

“Так хацелася б Лукашэнку. Я думаю, што новы міністр замежных спраў [Беларусі. — Еўрарадыё] спрабуе нешта такое сканструяваць. Але гэтая канструкцыя мае некалькі вельмі істотных недахопаў. Што такое Венгрыя цяпер? Які цяпер імідж ўрада Орбана? Наколькі ён аўтарытэтны для таго, каб быць пляцоўкай для такога дыялогу з дыктатарам, суагрэсарам? Я не думаю, каб гэта спрацавала".

Няўдзелу Беларусі ў вайне, на думку Турарбекавай, недастаткова для пачатку такога дыялогу.

“Калі б гэта было прадастаўленне мінскай пляцоўкі для заключэння мірнага пагаднення, як гэта было ў 2015-м годзе, напрыклад, гэта адно. Але нельга ўвайсці ў гэтую ваду двойчы, калі з тваёй тэрыторыі ажыццяўлялася агрэсія з такімі жудаснымі наступствамі. І я думаю, што імідж Лукашэнкі настолькі пагоршыўся, яго кшталту таксічнасць настолькі высокая, што гэты няўдзел можа толькі ў нейкі момант нейтралізаваць вастрыню санкцый, якія будуць прымаць і надалей. Але што тычыцца пачатку дыялогу — таго, пра што спрабуе сказаць новаспечаны міністр замежных спраў Беларусі, яго не адбудзецца да той пары, пакуль не адбудзецца якасных палітычных зменаў".

Турарбекава вылучае тры якасныя палітычныя змены:

“На першым месцы стаіць пытанне аб удзеле ў гэтай вайне. У чым праяўляецца ўдзел? У прадастаўленні тэрыторыі, інфраструктуры і тылавога забеспячэння расійскай арміі. Вось калі Лукашэнка здолее дамагчыся, каб усе расійскія войскі выйшлі з тэрыторыі Беларусі і ўся інфраструктура была вычышчаная з гарантыяй таго, што яны не вернуцца, — вось гэта называецца якасная змена.

Другая якасная змена — гэта, вядома, спыненне рэпрэсій і вызваленне усіх палітвязняў (гэта паўтары-дзве тысячы), закрыццё ўсіх гэтых крымінальных спраў з рэабілітацыяй.

Ці магчыма гэта? Ці магчыма, каб Лукашэнка так сказаў Пуціну пра вывядзенне з тэрыторыі Беларусі вайсковага кантынгенту? Вы на гэтае пытанне можаце адказаць самі. А вось тое, што звязана з палітвязнямі, — тут больш-менш у Лукашэнкі нібы ёсць магчымасць нешта рабіць. Дайце ж рады — ён можа гэта зрабіць.

Ну і трэцяе — вядома, гэта усё ж такі пачатак перамоваў з дэмсіламі, пачатак сапраўднага агульнанацыянальнага дыялогу. Тое, пра што сказаў Бяляцкі ў сваім апошнім слове. Аднаго з трох хапіла б для пачатку дыялогу паміж рэжымам і Захадам”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі