Што можна, а што нельга рабіць у спёку

Што можна, а што нельга рабіць у спёку

Што рабіць, каб у спёку не атрымаць цеплавы ўдар і добра сябе адчуваць? Медыкі раяць піць ваду, есці садавіну і гародніну і насіць свабодную вопратку.

"Вопратка павінна быць з натуральнай тканіны і свабодная, каб была магчымасць цыркуляцыі паветра. Таксама трэба насіць адзенне светлых колераў. Абавязкова трэба насіць галаўны ўбор, таксама светлага колеру. Ва ўсіх людзей з сабой мусіць быць бутэлька пітной негазаванай вады. Піць трэба не халодную ваду, а пакаёвай тэмпературы. Лепей не ахалоджваць яе ў лядоўні", — дае парады лекар-валеолаг гарадскога цэнтра здароўя Анастасія Косава.

Што яшчэ трэба рабіць у спёку, каб зберагчы здароўе:

— Трэба есці, у рацыёне мусіць быць садавіна і гародніна.
— Не трэба перабольшваць з кандыцыянерам, не менш за 22-24 градусы.
— Можна абмываць рукі, галаву, ахалоджваць ногі ў прахалоднай вадзе, рабіць кампрэсы.
— На ровары лепш ездзіць у цені.
— Спортам займацца можна, але ў памяшканні з кандыцыянерам, нагрузкі трэба паменшыць.

Што нельга:


— Ужываць спіртныя напоі.
— З'ядаць шмат марожанага, бо можна зарабіць ангіну ад перападаў тэмпературы
— Ужываць вельмі халодную і газаваную ваду. Ад халоднай вады таксама можна прастудзіцца, а мінеральная вада утрымлівае солі, якія перагружаюць сардэчна-сасудзістую сістэму.

Калі ў спёку вы заўважылі, што чалавеку дрэнна, то яго трэба перамясціць у цень і даць падыхаць свежым паветрам.

"Трэба даць доступ да кіслароду, пажадана чалавека пакласці, прыпадняць яму ногі, каб даць адток крыві да сэрца. Калі чалавек у прытомнасці, то варта даць папіць яму вады. Калі яму не становіцца лепш, то трэба выклікаць хуткую", — дадае Анастасія Косава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі