Што пісалі беларускія СМІ пра рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі

З 1 студзеня ўсталяваныя новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Нечаканасцю для беларусаў гэта не стала. Як не стала нечаканым і тое, што афіцыйная прэса паспрабавала падаць гэтую навіну максімальна пазітыўна.
“Важна, што ўсталяваная мяжа росту кошту паслуг ЖКГ выканана дакладна”. Гэта першае, пра што паспяшалася нагадаць сваім чытачам “Советская Белоруссия”. А мы нагадаем, што мяжа, пра якую кажа журналіст, роўная 5 доларам у год. Такое распараджэнне даў прэзідэнт. Але год толькі пачаўся, а ліміт ужо вычарпаны. Ці здолее ўрад стрымаць сваё абяцанне і да канца года не падвышаць больш тарыфы?

“Народная газета” запэўнівае, што так, бо “нагодаў для адхілення ад планаў пакуль няма”:

“Як сцвярджаюць камунальнікі, гэты рост тарыфаў запланаваны ў 2008 годзе як першы і адзіны”.

Нагадаем, што само міністэрства ЖКГ так і не правяло прэс-канферэнцыю з гэтай нагоды. Таму пакуль можна толькі гадаць, ці апошняе гэта падвышэнне тарыфаў. Дакладнага адказу не ведае ніхто. І нават журналіст “Советской Белоруссии” у сваіх здагадках гучыць вельмі непераканаўча:

“Так што цалкам верагодна, што падаражэнне паслуг ЖКГ будзе апошнім у гэтым годзе”.

Такі ж непераканаўчы і загаловак гэтага артыкула ”Ліміт вычарпаны?”. У ім нібыта выказваецца сумнеў наконт апошняга падаражання паслуг.

Варта ўзгадаць, што ў канцы мінулага года ў Мінэканоміцы заяўлялі, што ліміт росту тарыфаў ЖКГ у 2008 годзе прагназуецца на ўзроўні 20 долараў для двухпакаёвай кватэры:

“Пакуль мяркуецца кошт паслуг ЖКГ падвысіць на 20 долараў, але як будзе на самой справе, залежыць ад таго, пра якую цану на газ на наступны год мы дамовімся”, - цытуе словы загадчыка аддзела Навукова-даследчага інстытута эканомікі Мінэканомікі Аляксандра Мацяса інтэрнэт-выданне “Салідарнасць”.

Не верыць у 5-доларавы ліміт і эканаміст даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. У інтэрв’ю “Салідарнасці” ён сказаў, што больш давярае падлікам Мінэканомікі:

“Магчым, а канешне, пасля візіту ў Мінск Уладзіміра Пуціна і выдзялення Расіяй дзяржаўнага крэдыту ў міністра з’явіўся больш аптымістычны погляд на сітуацыю. Але гэта ўсяго толькі дэкларацыя. У рэальнасці, я думаю, рост цэнаў на паслугі ЖКГ перавысіць 5-доларавы паказчык. У гэтым плане я больш давяраю падлікам Мінэканомікі”.

Па афіцыйных даных, цяпер беларусы пакрываюць 34% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі. Меркавалася, што цалкам пакрываць выдаткі прадпрыемстваў ЖКГ мы будзем ужо з 2015 года. Але калі ўлічваць загад прэзідэнта пра ліміт у 5 долараў, пераход на цалкам самастойную аплату жыровак хутчэй за ўсё “адкарэктуюць у бок больш позняга тэрміну”. Яшчэ адзін пазітыўны момант у не вельмі прыемнай навіне знайшла “Народная газета”:

“Аднак спецыялісты не забываюць нагадваць пра тое, што да 100-працэнтнай аплаты насельніцтвам рэальных выдаткаў на паслугі ЖКГ яшчэ далёка.

З улікам змененых тарыфаў мы будзем пакрываць выдаткі камунальнікаў толькі на 34% у сярэднім за год. Так што планы пра пераход на цалкам самастойную аплату жыровак у 2015 годзе, хутчэй за ўсё будуць адкарэктаваныя ў бок больш позняга тэрміну”.

Адзначым, што больш за іншае павялічыўся для беларусаў кошт газу — ён узрос амаль у два разы. І цяпер мы будзем плаціць за газ 215 долараў за тысячу кубаметраў, у той час як Расія пастаўляе яго па 119 долараў.

“Можна меркаваць, што ў амаль двухразовым падаражэнні газу для насельніцтва закладзена рызыка ад падвышэння цаны на расійскі газ”, - піша “Салідарнасць”. І калі з газам сапраўды ўсё зразумела, то чаму на другім месцы пасля яго ідзе каналізацыя з падаражэннем на 65% - не зразумела. “Сапраўды залатым стане паход выхаванага чалавека ў прыбіральню”. (“Салідарнасць”)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі