Што рабіць, калі ваш банк пазбавілі ліцэнзіі

З сённяшняга дня ўкладчыкі “Дэльта Банка” не могуць забраць свае ўклады, бо Нацбанк адазваў ліцэнзію на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці.

Але, як даведалася Еўрарадыё, у “Дэльта Банку” налічваецца каля 15 000 чалавек, якія тут пракрэдытаваліся. Спецыялісты кантакт-цэнтра гэтай установы кажуць, што крэдытаатрымальнік павінен і далей выконваць свае абавязанні перад банкам.

“Вы ўзялі крэдыт у банку? Значыць, павінныя выплачваць”, — кажуць тут. Пры гэтым банк можа запатрабаваць сродкі і раней — звычайна гэта датычыць тых, у каго крэдытная гісторыя мае пазыкі, несвоечасовае пагашэнне.

Але што рабіць тым, хто свае грошы даверыў банку? Тут былі ўклады пад 45% гадавых. У банку кажуць, што ўсім трэба звярнуцца ў Агенцтва па гарантаваным пакрыцці ўкладаў фізічны асоб.

Як паведамілі Еўрарадыё ў Агенцтве, укладчык можа вярнуць грошы цягам двух гадоў. Гэта гарантуецца законам №369-З "Аб гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб”.

На сайце Агенцтва ўжо з’явілася інфармацыя, куды трэба звяртацца па выплаце дэпазітаў. Для гэтага трэба мець дакументы і пашпарт. Тэлефон агенцтва пастаянна заняты, таму туды можна звярнуцца праз электронную пошту.

Агенцтва: “Вы можаце атрымаць суму дэпазіту, а таксама тыя працэнты, якія былі налічаныя да сённяшняга дня. З сённяшняга дня працэнты на дэпазіт налічвацца не будуць — яны замарожваюцца. Грошы вернуць у той валюце, у якой быў дэпазіт. Укладчык можа звярнуцца ў суд па кампенсацыю. Яе памер вызначае сама фізічная асоба”.

Па законе выплата грошаў Агенцтвам ажыццяўляецца цягам месяца пасля звароту ў яго. Увесь гэты час грошы не будуць абароненыя ні перад дэвальвацыяй, ні перад інфляцыяй. Пры гэтым ніякай індэксацыі, згодна з законам, не прадугледжваецца — пра гэта Еўрарадыё кажуць у Нацыянальным банку краіны.

Аддзяленне банка на вуліцы Карла Маркса не працуе. 

Пры гэтым перавесці рублёвы ўклад у долары ці еўра нельга. Затое можна зрабіць гэты ход адваротна — перавесці долары-еўра ў рублі.

Гэта будзе першы  выпадак з вяртаннем грошай у гісторыі існавання агенцтва з 2008 года. А за 24 гады ў Беларусі было ліквідавана 25 банкаў. Пры гэтым апошні раз такое было ў 2005 годзе.

Грошы на выплаты бяруцца з тых, якія банкі штоквартальна пералічваюць Агенцтву.

“Дэльта Банк” не вельмі вялікі гулец на рынку, і нам хопіць грошай на некалькі такіх банкаў”, — супакойваюць Еўрарадыё. Банк перадаць рэестр сваіх укладчыкаў Агенцтву цягам трох дзён.

Пра тое, што грошы ўкладчыкам вернуць, кажа і кіраўнік службы фінансавай аналітыкі сайта Infobank.by Наталля Хоміч. Яна заўважае, што ў першую чаргу грошы выплачваюцца фізічным асобам, а ўжо потым — Нацбанку ды індывідуальным прадпрымальнікам.

Кліентам “Дэльта Банка” рэкамендуюць адсочваць сітуацыю на сайце банка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі