Што робяць камунальнікі, пакуль адключаная гарачая вада?

Што робяць камунальнікі, пакуль адключаная гарачая вада?

Па законе, тэрмін адключэння гарачай вады не мусіць перавышаць 14 каляндарных дзён — даволі вялікі тэрмін. Натуральна, гэта не вельмі падабаецца насельніцтву. Тым больш, калі не бачыш на ўласныя вочы, што нейкія працы сапраўды вядуцца. Дык што ж робяць камунальнікі ў гэтыя 14 дзён, і ці робяць штосьці ўвогуле?

Працэдура паўтараецца штогод, распавядае намеснік галоўнага інжынера Мінсккамунцепласеткі Вадзім Рубанік.

“Адбываецца рамонт абсталявання, паверка прыбораў уліку, выпрабоўваем цеплавыя сеткі на трываласць і шчыльнасць, так званая прасоўка. Уздзейнічаем на сеці высокім ціскам. Калі не знойдзена ніякіх пашкоджанняў, то яны гатовыя да выкарыстання. Бываюць выпадкі, што пашкоджанні з’яўляюцца, тады мусім паправіць у гэты ж тэрмін і правесці яшчэ адну прасоўку”.

Еўрарадыё знаходзіць пляцоўку, дзе сёння вядзецца замена цеплатрасы ад цеплавой камеры да будынка крамы па адрасе вуліца Астрашыцкая, 3а. Рабочыя дэмантуюць пліты, якія закрываюць трубы. Гэта акурат планавая замена, ніякіх паломак на гэтым участку не было.

“Вы ж бачыце, трубы ляжаць старыя, амаль не ізаляваныя, а гэта вялікія страты цяпла, а ў новых труб страты цяпла мінімальныя, калі не казаць мізэрныя, — кажа майстар участка Вадзім і працягвае пра тэрміны працы. — Калі ўчастак невялікі, то выразаць трубы і ўрэзаць новыя займае адзін дзень. Вялікі робім у два этапы: адзін дзень палову замяняем і ў наступны — палову. Але варта разумець, што патрэбны час на тое, каб раскапаць трубы, дэмантаваць пліты, ну, і вярнуць усё на месца”.

Так выглядаюць старыя трубы

У новых труб страты цяпла мізэрныя

Майстар дадае, што пасля замены труб праблем з імі амаль не ўзнікае, але ўсё адно без працы не сядзяць. Таму, калі ў двары дома, дзе адключаная гарачая вада, нічога не раскапана, то гэта не значыць, што нічога не робіцца. У гэты час могуць рамантавацца магістральныя трубаправоды, ці праходзіць пэўныя работы на саміх ЦЭЦ.

“Можа быць так, што ў квартале нічога амаль не робіцца, — кажа Вадзім Рубанік. — То бок правялі апрасоўку і ніякіх праблем не выявілі. Нейкія нязначныя паломкі выправілі: можа, працечку якую ці замянілі затворы ды заслоны і чакаюць, пакуль энергетыкі скончаць свой комплекс работ, запоўняць цепласець і ўключаць яе ў працу. То бок сістэма даволі складаная, таму казаць, што ў мяне ў двары не раскапана, а значыць, ніякіх прац не вядзецца, напэўна, усё ж няправільна”.

Намеснік галоўнага інжынера камунальных цепласетак кажа, што калі б у нашых дамах былі аўтаномныя сістэмы падагрэву вады, адключэнняў можна было б і пазбегнуць. Але адмаўляцца ад цэнтральнага ацяплення не плануюць.

Графік адключэння гарачай вады ў Мінску можна паглядзець тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі