"А што ты мне зробіш?" Міліцыянт напаў на мінака, які яго здымаў
У 58-гадовага мінскага будаўніка Руслана Тарароева незвычайнае хобі. Ужо больш за год ён здымае на відэа ўсе парушэнні, якія бачыць вакол сябе. Тарароеў не шукае іх наўмысна — яго канал на Youtube называецца "Проста мінак".
17 жніўня Руслан вяртаўся дадому з крамы, заўважыў чалавека ў форме, які курыў цыгарэту, і па звычцы ўключыў тэлефон на запіс. Ніхто не ведаў, што гэта скончыцца бойкай з міліцыянтам, падранай кашуляй і заявай у Следчы камітэт.
— Я ішоў, гляджу — курыць чалавек у форме. А ў іх па законе міністра ёсць 424 загад, што ў форменнай вопратцы нельга курыць. Я падышоў пацікавіцца. А потым, вы бачылі, выбег гэты сяржант у форме...
Курэц аказаўся судмедэкспертам, а загад №424 распаўсюджваецца толькі на супрацоўнікаў МУС. Але малодшы сяржант, убачыўшы ў руках Тарароева тэлефон, вырашыў не цырымоніцца:
— А то што ты мне зробіш? — самаўпэўнена заяўляе міліцыянт.
Чуваць, як рвецца кашуля. Тарароеў вымушаны ратавацца ўцёкамі. Адагнаўшы яго ад участка, міліцыянт вяртаецца. На словы пра тое, што здарэннем зоймецца пракуратура, ён не звяртае ўвагі.
Відэа знятае каля гарадскога аддзела міліцыі №2 па вуліцы Ясеніна, 14 у Мінску. Паводле слоў Тарароева, з міліцыянтам, які спрабаваў выбіць тэлефон з яго рук, ён пазнаёміўся прыкладна за два тыдні да таго, што адбылося.
— Ехала машына міліцэйская па тратуары. Ён [малодшы сяржант] ехаў на пасажырскім і быў не прышпілены. Я спытаў, чаму ён не прышпілены, і ён мне патлумачыў, што супрацоўнік міліцыі можа не прышпільвацца ў аператыўнай машыне. Я сказаў: "Ну, добра", — і папрасіў яго прадставіцца, хто мне гэта сказаў. А яго гэта неяк узвар'явала. Ён пачаў патрабаваць дакументы, сказаў, што я падыходжу па нейкай арыенціроўцы. Даставілі мяне да аддзела міліцыі, але ўнутр не пусцілі, таму што я з тэлефонам быў. Потым выйшаў, сказаў: "Чакайце старэйшага", — і з'ехаў. Фактычна, кінуў злачынца, які "праходзіць па арыенціроўцы", і з'ехаў! Я з гэтай нагоды пісаў скаргу: маўляў, мяне абвінавацілі. Але мне адказалі, што ніякага парушэння няма. Ну, нармальна і нармальна.
Да таго, каб здымаць парушэнні на відэа, Руслана падштурхнуў выпадак у начальніка беларускай ДАІ Дзмітрыя Карзюка. "Я быў на прыёме ў яго, і ён мне заявіў, што калі б у мяне было відэа, то ён прыняў бы меры ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі [дзеяннямі якога быў незадаволены Тарароеў. — Еўрарадыё], а так, без відэа, у яго няма падставы не верыць міліцыянту. Пасля гэтага я купіў тэлефон — да гэтага нават сотавай сувяззю не карыстаўся".
Па словах Тарараоева, на яго заявы аб парушэннях у асноўным прыходзяць адпіскі. Напрыклад, 17 лістапада 2018 года на яго канале з'явілася відэа, дзе супрацоўнік міліцыі едзе на машыне па пешаходнай дарожцы.
— На гэтай пешаходнай дарожцы прыцягвалі цывільных да адказнасці. А наконт гэтага палкоўніка мне напісалі, што няма парушэння. Едзе па пешаходнай дарожцы — і няма парушэння!
— За гэты час вы зразумелі, чаму супрацоўнікі міліцыі часам дазваляюць сабе перавышаць паўнамоцтвы? — пытемся ў Руслана Тарароева.
— Ад беспакаранасці. Таму што кіраўніцтва не хоча іх караць. У іх як атрымліваецца? Калі караць нейкага шараговага супрацоўніка — лейтэнанта ці сяржанта, — то трэба караць і яго камандзіра. А прасцей гэтую справу замяць. Прасцей чалавеку даць адпіску, і ўсё. Многія ж на гэтым кідаюць [звяртацца з заявамі і скаргамі. — Еўрарадыё].
Афіцыйна: міліцыянт захаваў працу, цяпер праверку праводзіць СК
Афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава расказала Еўрарадыё, што канфлікт паміж малодшым сяржантам і Русланам Тарароевым не застаўся па-за ўвагай міліцэйскага кіраўніцтва.
— У дачыненні да супрацоўніка была прызначаная праверка, а чалавек, які здымаў відэа, звярнуўся ў Следчы камітэт, дзе праверка праводзіцца да цяперашняга часу.
— Супрацоўнік, які трапіў на відэа, застаўся працаваць у міліцыі?
— Ён працуе. Яго, безумоўна, ніхто не звальняў. Думаю, гэта няма сэнсу абмяркоўваць. Мы ж канкрэтна пра відэа гаворым, правільна?
— Нядаўна міністр унутраных спраў Юрый Караеў у інтэрв'ю казаў, што людзі ў пагонах павінныя памятаць, што служаць народу, грамадзяніну, грамадству, абараняюць яго правы. А тут атрымліваецца нядобрая сітуацыя.
— Вядома, мы ў першую чаргу павінныя дзейнічаць у інтарэсах грамадзян. І прафесійна падыходзіць да гэтага. Для чаго прызначаецца службовая праверка? Для таго, каб разабрацца ў прычынах і ўмовах, чаму так здарылася.
***
Калі грамадзянін лічыць, што дзеянні супрацоўніка міліцыі ў дачыненні да яго неправамерныя або што міліцыянт перавышае службовыя паўнамоцтвы, ён можа звярнуцца ва Упраўленне ўласнай бяспекі МУС ці патэлефанаваць на тэлефон гарачай лініі міністэрства.
Тэлефон даверу МУС — (017) 218-72-22.
Тэлефон даверу ГУУБ МУС — (017) 218-55-28.
Пошта рэдакцыі Еўрарадыё — [email protected].