Што вядома пра актывістку Вольгу Цішкевіч, якая выступіла на АНТ

Якія інсайды Вольга Цішкевіч раскажа на дзяржТБ?

Якія інсайды Вольга Цішкевіч раскажа на дзяржТБ? / @rubanau_collage

Что известно об активистке Ольге Тишкевич, которая выступила на ОНТ
Вольга Цішкевіч / @Olshannn

Першая прыкметная медыйная падзея ў жыцці Цішкевіч адбылася сёлетняй вясной. Актывістка планавала ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду (далей — КС) ад спіса "Аб'яднанне палітычных партый "Народная Грамада" і Беларуская хрысціянская дэмакратыя "Салідарнасць", але са скандалам была знятая з кампаніі.

Яе публічны дэбют атрымаўся медыйна гучным. Прозвішча Вольгі ўсплыло ў базе заяваў КДБ, якая выцякла ў сетку. Цішкевіч, верагодна, напісала ў лістападзе 2018 года данос на палітычнага актывіста, а цяпер палітвязня Эдуарда Пальчыса.

Трошкі скандальная дзяўчына

У перыяд эміграцыі Цішкевіч займалася валанцёрствам. Пра гэта расказала палітык і дырэктарка цэнтра "Наш Дом" Вольга Карач.

"[Яна] вельмі шмат дапамагала з гуманітарнай дапамогай беларусам. Сартавала адзенне і абутак, раскладвала па скрынках, выдавала бясплатную ежу беларускім бежанцам, дапамагала разгружаць гуманітарныя фуры".

Валанцёрыла Вольга і ў іншым дабрачынным цэнтры — "Дапамога". Яна працавала на складзе, сартавала вопратку і раздавала яе тым, хто мае патрэбу, таксама дапамагала рабіць плакат з партрэтамі палітвязняў. Дырэктарка арганізацыі Наталля Колегава кажа, што акрамя гэтага Цішкевіч дадаткова нічым не займалася.

"Яна прысутнічала на нашых публічных мерапрыемствах у Замку (Беларускі замак — офіс "Дапамогі", Еўрарадыё). [У нас] ёсць пару людзей-ментараў, якія блізка ведаюць, што дзеецца [у арганізацыі]. <...> Я не думаю, што яна валодала нейкай уразлівай інфармацыяй, ведала больш, чым ведаюць усе астатнія [валанцёры] і ўдзельнікі палітычных сустрэч. <...> Таму Вольга, каб быць больш цікавай, можа выдумаць усё што заўгодна, усё, што ёй скажуць".

Колегава лічыць, што Вольга спрабавала пасварыць людзей паміж сабой.

“Яна была трошкі скандальная дзяўчына. З ёй адразу ўвайшла ў канфлікт Вераніка Мішчанка (актывістка "Народнай Грамады" — Еўрарадыё), у іх былі кепскія стасункі. Яна, скажам так, унесла разлад у "Народную Грамаду". <...> Прыходзіла і расказвала: вось той піша размову на дыктафон, а гэты — на відэа. Распаўсюджвала такія чуткі. Але я [яе] абрывала, не люблю такіх бяздоказных размоў".

Что известно об активистке Ольге Тишкевич, которая выступила на ОНТ
Наталля Колегава / J. Stacevičiaus / LRT nuotr.

Пасля зняцця з выбараў у КС Тышкевіч казала, што яе падставілі і данос напісаў нейкі "ябацька".

"Супраць яе сталі людзі выказвацца, цурацца. Дома пачаліся скандалы з мужам і пасынкам. Як казалі яе дамашнія, яна забрала грошы з дому — думалі, што яна паехала да сына ў Маскву".

Колегава не лічыць, што Цішкевіч магла быць інфарматаркай спецслужбаў.

“Да нас яна дачыненне мае ўжо апасродкаванае”

Са станоўчага боку Цішкевіч характарызуе Яўген Вільскі, выканаўца абавязкаў старшыні "Народнай Грамады".

“Яна для партыі зрабіла вельмі шмат. Як мастак па сваім напрамку [нам вельмі дапамагла]".

Вільскі падкрэслівае, што Вольга не была кіраўніцай магілёўскай ячэйкі партыі, як сцвярджаюць прапагандысты з АНТ.

“Яна была простым актывістам. <...> Гэта ўжо на сумленні тых, хто [кажа адваротнае]. <...> Доступ да інфармацыі [пра партыю] яна мела, напэўна, як і ўсе беларускія палітбежанцы. У нас няма нейкай базы дадзеных, дасье на кагосьці. Мы перыядычна збіраемся на сходы, абмяркоўваем, якую дапамогу каму трэба даць, хто падаваўся, хто не падаваўся [на бежанства]. <...> Яна пра гэта ведала. Але гэта моцна і не хавалася. <...> Таму нічога сакрэтнага яна ведаць не магла".

Пасля зліву базы КДБ у дачыненні да Цішкевіч праводзілася партыйная праверка.

“[Мы даведаліся, што] яна ў гэты час была ў Маскве. І гэты [факт] нам пацвердзілі. < ... > Сам данос вельмі незразумелы. [Ён напісаны] на чалавека аб правядзенні мерапрыемстваў па [канкрэтным] адрасе. Адрас мы праверылі — гэта аказаліся могілкі, а такога дома не існуе. <...> Мы адрэагавалі,<...> выключылі яе з [перадвыбарчага] спіса [у КС]. А потым, праз нейкі час, правялі сход, яе выключылі з партыі. Гэта значыць, яна ўжо працяглы час — не сябра ["Народнай Грамады"]. Да нас яна дачыненне мае ўжо апасродкаванае".

Что известно об активистке Ольге Тишкевич, которая выступила на ОНТ
Яўген Вільскі / Радыё Рацыя

Паводле Вільскага, Вольга на зняцце з выбараў і выключэнне з партыі адрэагавала спакойна.

"Ну якая рэакцыя? Я ж тлумачу, што яна казала: гэта няпраўда. Ні адзін нармальны чалавек не захоча, каб з ім так дрэнна абыходзіліся. Не было ў яе абурэння. <...> Трэба ж разумець, што партыя — гэта не на ўсё жыццё. У любы момант людзі прыходзяць, сыходзяць. Гэта не нейкая прывілеяваная ўстанова, за якую рукамі і нагамі трымаюцца. Я ў любы момант магу сысці, мяне перавыбяруць. Партыя ёсць партыя. Таму ёй было непрыемна, але асаблівага гора гэта не выклікала".

Як Цішкевіч апынулася ў Беларусі, кіраўнік "Народнай Грамады" не ведае.

“Яна жанчына і маці, і мы не ведаем, як на яе ўздзейнічалі. Яна тут [у Літве] сядзела — і раптам нечакана яшчэ ў пачатку мінулага месяца знікла, 6 чэрвеня. На мяне выходзіў яе муж, які паведаміў пра гэта. Я яму прапаноўваў арганізаваць пошукі, але ён адмовіўся. Калі яна знікла, мы ўжо нечага такога чакалі. <...> І адным з варыянтаў быў гэты [з пераездам у Беларусь] як самы горшы. І ён здарыўся".

Наконт таго, што Цішкевіч магла быць інфарматаркай, палітык разводзіць рукамі.

"Няма ў нас ніякіх спецыяльных ведаў, спецыяльных службаў бяспекі. Мы партыя адкрытая. Да нас прыходзяць людзі, якія згаджаюцца з праграмай, статутам і падзяляюць погляды. Мы не праводзім нейкую асаблівую праверку на паліграфе, каб выявіць [агентаў]. У нас няма нічога такога, што можна хаваць, усё адкрыта. Усё, чым займаецца партыя, у мяне ў фэйсбуку можна паглядзець і не засылаць ніякіх агентаў. Наш рэжым прывык падазраваць усіх, бачыць ва ўсім самога сябе. Таму я не магу сказаць, [што яна] на 100% агент. Але, мяркуючы па тым, што цяпер адбываецца, то, хутчэй за ўсё, так. А можа, яе проста нейкім чынам узялі на кручок <...> і выцягнулі ў Беларусь".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі