Данос на Эдуарда Пальчыса ў КДБ напісала кандыдатка ў КР?
Актывістка адмаўляе, што напісала данос у КДБ (ілюстрацыйнае фота)
Данос на актывіста і цяперашняга палітвязня Эдуарда Пальчыса ў КДБ восенню 2018-га магла напісаць кандыдатка ў Каардынацыйную Раду. Альянс расследвальнікаў Беларусі звяртае ўвагу, што гэта была Вольга Цішкевіч (Тышкевіч?) з Магілёва, якая цяпер жыве ў Літве. Паведамленне ёсць у базе зваротаў у КДБ, якую апублікавалі "Кібер-партызаны": "У Магілёве па вул. Чкалава, 15, 29 лістапада ў 19:00 будзе праходзіць ток шоў з удзелам былога асуджанага Э.Пальчыса, які быў асуджаны за распальванне міжнацыянальнай варожасці. Шоў накіравана супраць саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва з Расійскай федэрацыяй. І носіць недружалюбны характар. Прашу вас прыняць меры. З павагай грамадзянка РБ, Вольга".
Зварот падпісаны Вольгай Уладзіміраўнай Цішкевіч. Чалавек з такімі ж данымі абіраецца ў Каардынацыйную Раду па спісе "Аб'яднанне палітычных партый Народная Грамада і Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя "Салідарнасць". Альянс расследвальнікаў Беларусі прааналізаваў профіль у сацсетках, і ён пацвярджае дату нараджэння і горад пражывання.
Вольга Цішкевіч цяпер жыве ў Вільні. Яна сцвярджае, што "не пісала нічога на Эдуарда Пальчыса, а яе камп'ютэр быў у суседа, які "ябацька". Дарэчы, у базе ёсць яшчэ адзін данос у КДБ, напісаны той жа асобай з Магілёва.
Цікава, што днямі са спісу "Аб'яднанне палітычных партый Народная Грамада і Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя "Салідарнасць" выключылі кандыдата на выбары ў Каардынацыйную Раду Паўла Бялюціна. Ён фігуруе як аўтар даносу ў той самай базе зваротаў у КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.