Што за "вілаяты" стаяць за тэрактамі ў "Крокусе" і ў Дагестане? Хто гэта наогул?
Што яшчэ за "вілаяты"?
Эксперты з Інстытута вывучэння вайны (ISW) назвалі тэрарыстычную арганізацыю "Вілаят Каўказ" магчымым арганізатарам учорашняга тэракту ў Дагестане. Аналітыкі заўважылі, што 23 чэрвеня групоўка "Вілаят Харасан" (якая, магчыма, арганізавала нядаўні тэракт у "Крокус Сіці Хол" у Маскве) апублікавала заяву, у якой хваліла "сваіх братоў з Каўказа".
Прамую адказнасць за атаку, у выніку якой загінула як мінімум 20 чалавек, ніхто пакуль на сябе не браў. Але што гэта за "вілаяты", якія раз за разам атакуюць Расію? І дзе яны яшчэ "працуюць", ці існуе "Вілаят Беларусь"? Еўрарадыё паспрабавала разабрацца.
"Асабліва зацыклены на Расіі"
"Вілаят Харасан" (або ІДІЛ-Х) паўстала ў Афганістане ў канцы 2014-га ці ў 2015 годзе і лічыцца філіялам "Ісламскай дзяржавы" ў гэтай краіне. Паводле ацэнак Рады Бяспекі ААН, на люты 2023 года колькасць групоўкі складала ад 1 тысячы да 3 тысяч чалавек.
Reuters адзначае, што ўвесь час свайго існавання арганізацыя адрозніваецца асаблівай жорсткасцю. Напрыклад, у жніўні 2021 года, падчас вываду амерыканскіх войскаў, баевікі зладзілі тэракт каля міжнароднага аэрапорта Кабула — тады загінулі 13 амерыканскіх вайскоўцаў і 170 мірных жыхароў.
А 3 студзеня 2024 года баевікі ўзялі на сябе адказнасць за тэракт у іранскім Кермане — ахвярамі зрабіліся як мінімум 84 чалавекі.
Амерыканскі аналітык кампаніі Soufan Group Колін Кларк заяўляў The New York Times, што апошнія два гады "Вілаят Харасан" быў "асабліва зацыклены на Расіі". Вынікам гэтага, імаверна, і стала атака на маскоўскі гандлёвы цэнтр "Крокус Сіці Хол" — найбуйнейшы тэракт у Расіі за многія гады.
А што за "Вілаят Каўказ"?
Атака на "Крокус Сіці Хол", здаецца, натхніла тэрарыстаў на новыя напады на тэрыторыі Расіі. Рэгіянальная антытэрарыстычная структура Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у красавіку папярэджвала, што ІДІЛ спрабуе актывізаваць баевікоў "Вілаят Каўказ" — яшчэ аднаго свайго філіяла (па Паўночным Каўказе і Расіі).
"Вілаят Каўказ" быў утвораны ў 2015 годзе, то-бок прыкладна тады ж, калі "Вілаят Харасан". Ён вядомы з нападу на вайсковую частку Расгвардыі ў Чачні (6 загінулых) і падрыву жылога дома ў Магнітагорску (39 ахвяраў).
Дзе яшчэ ёсць гэтыя "вілаяты"?
Вілаят — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў шэрагу мусульманскіх краінаў. Паводле гэтага ж прынцыпу ІДІЛ і стварала свае філіялы, захоўваючы назвы рэгіёнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.