Што журналісты не даведаліся ў чыноўніка пра абноўлены “антыдармаедскі” дэкрэт
Савет міністраў апублікаваў палажэнне, у якім “растлумачыў”, каго дзяржава лічыць “дармаедам”, а каго ― не. Тым не менш, шмат пытанняў застаюцца без адказаў. Магчымасць атрымаць нейкія тлумачэнні з’яўляецца 6 красавіка, падчас сустрэчы з журналістамі першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэя Лабовіча. Еўрарадыё сабрала пытанні, якія журналісты задавалі намесніку міністра, але на якія не атрымалі ўцямных адказаў.
ПЫТАННЕ
Якім будзе механізм 100% аплаты паслуг ЖКГ у выпадку, калі адзін з членаў сям’і будзе прызнаны “дармаедам”?
АДКАЗ
Андрэй Лабовіч: Праект нарматыўна-прававога акта, які вызначае спіс паслуг, што будуць аплачвацца на 100%, знаходзіцца на завяршальнай стадыі ўзгаднення, і я думаю, што мы гэтае пытанне абмяркуем пасля таго, як будзе прыняты гэты нарматыўны акт.
ПЫТАННЕ
Які статус будзе ў тых, хто вучыцца за мяжой?
АДКАЗ
Андрэй Лабовіч: Палажэннем вызначаны статус пацвярджэння толькі тых, хто працуе за мяжой. У дачыненні да тых, хто навучаецца за мяжой, палажэнне нормаў не прапісвае... Калі навучэнец будзе за мяжой і, адпаведна, будзе там пражываць, ён можа ў адпаведнасці з дакументамі, якія пацвярджаюць яго статус, таксама звярнуцца ў камісію. Камісія ў індывідуальным парадку будзе разглядаць сітуацыю.
ПЫТАННЕ
Ці трапяць у катэгорыю “дармаедаў” тыя, хто працяглы тэрмін вандруе па-за межамі краіны?
АДКАЗ
Андрэй Лабовіч: Калі чалавек будзе за мяжой і ён, адпаведна, будзе там пражываць, то ён можа з дакументамі, якія гэта пацвярджаюць, звярнуцца ў камісію, і камісія ў індывідуальным парадку будзе разглядаць сітуацыю кожнага чалавека.
ПЫТАННЕ
Як будуць інфармаваць тых, хто трапляе ў катэгорыю “дармаедаў” ― ім будуць прыходзіць “лісты шчасця”?
АДКАЗ
Андрэй Лабовіч: Палажэнне аб камісіі не рэгламентуе парадак інфармавання грамадзян пра тое, што яны патэнцыйна трапляюць у базу дадзеных патэнцыйна не занятых у эканоміцы. І таму мы даём права камісіі кожнай канкрэтнай тэрыторыі, зыходзячы з тых магчымасцяў, якія ў нас ёсць. Адно скажу: усе грамадзяне, якія патрапяць у базу дадзеных, будуць праінфармаваныя, што яны ў гэтай базе дадзеных знаходзяцца.
ПЫТАННЕ
Ці палічылі затраты на стварэнне баз “дармаедаў”, іх інфармаванне, выдаткі на камісіі і тое, колькі бюджэт з “дармаедаў” атрымае?
АДКАЗ
Андрэй Лабовіч: Мэта рэалізацыі дэкрэта — не папаўненне прыбыткаў бюджэту, а аказанне садзейнічання занятасці насельніцтва.
ПЫТАННЕ
48 раёнаў і гарадоў прызнаныя тэрыторыямі, дзе ёсць вялікія праблемы з працаўладкаваннем ― гэты факт уліваецца ў дэкрэце ці палажэнні Саўміна?
АДКАЗ
Андрэй Лабовіч: Камісіі для таго і ствараюцца, каб дапамагчы людзям з працаўладкаваннем.