Шубель: "Мы б хацелі, каб Расія зрабіла пазітыўны ўплыў на беларускі рэжым"

Шубель: "Мы б хацелі, каб Расія зрабіла пазітыўны ўплыў на беларускі рэжым"

Еўрапейскі Саюз гатовы адмяніць санкцыі супраць афіцйнага Мінска пры пэўных умовах. Пра гэта амбасадар ЕС Дзірк Шубель распавёў у гутарцы з Радыё "Свабода".

Дыпламат падкрэсліў, што ЕС вельмі адказна падышоў да прыняцця санкцыяў супраць беларускіх уладаў. "Гэта было добра прадумана, і гэта было прамой рэакцыяй, каб паказаць нашую падтрымку народу Беларусі, які трапіў пад рэпрэсіі і прыгнёт. Людзям, якія ў турме, якіх катуюць, якіх пазбаўляюць іх дэмакратычных правоў", — патлумачыў ён.

Шубель падкрэсліў, што санкцыі гнуткія і могуць быць скасаваныя пры пэўных умовах з боку афіцыйнага Мінска. 

"Яны могуць быць скасаваныя, калі мы пабачым, што адбываюцца дэмакратычныя зрухі, што пачынаюцца рэформы, калі ўсе несправядліва асуджаныя, у тым ліку прызнаныя палітвязні, будуць вызваленыя, калі спыняцца парушэнні з боку ўлады супраць беларускага народу. І, вядома ж, калі адбудуцца паўторныя прэзідэнцкія выбары пад належным міжнародным назіраннем. Калі пачнецца дыялог з народам, тады мы можам разглядаць пытанне аб змяншэнні санкцыяў і, магчыма, аб скасаванні іх на нейкім этапе", — пералічыў умовы дыпламат.

Амбасадар дадаў, што ЕС можа ўзмацніць санкцыі, калі ў Беларусі пагоршыцца сітуацыя з правамі чалавека.

Па словах Шубеля, еўрапейскія ўлады пралічвалі магчымыя контрсанкцыі з боку беларускай улады. "Контразахады могуць уплываць на некаторыя арганізацыі і кампаніі ў Еўрасаюзе, але агулам я лічу, што гэты ўплыў не будзе вялікім і доўгатэрміновым. Акрамя таго, Еўрасаюз славіцца сваёй салідарнасцю, і мы, відавочна, дапаможам тым арганізацыям, кампаніям і краінам, якія могуць сутыкнуцца з нейкім ціскам і нейкімі праблемамі", — патлумачыў дыпламат. 

Ён дадаў, што Еўрасаюз разлічвае што беларускі палітычны крызіс удасца развязаць з дапамогай Расіі. Па яго словах, толькі Расія мае ў Беларусі вельмі значныя пазіцыі і вельмі шчыльныя сувязі. 

"Вядома ж, мы б хацелі, каб Расія зрабіла пазітыўны ўплыў на беларускі рэжым, трохі прывяла яго да розуму. Бо мы лічым, што гэта таксама ў інтарэсах Расіі — мець стабільнага і незалежнага суседа, бо гандлёвыя і эканамічныя сувязі вельмі глыбокія і інтэнсіўныя. І, відавочна, нашмат лепш гандляваць, калі сытуацыя ў краіне-суседцы стабільная", — заявіў Шубель.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі