Шумчанка пра адмену сертыфікатаў: гэта добра, але трэба зменшыць падаткі
Прадпрымальнікі тлумачаць, чаму, нягледзячы на змякчэнне закону, тысячы прадпрымальнікаў усё адно сыйдуць з рынкаў.
Праект лёсавызначальнага для беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў указа кіраўніка дзяржавы трапіў у інтэрнэт. Тысячы ІП у пачатку сакавіка спынілі працу з-за ўвядзення абавязковых сертыфікатаў на прадукцыю. Рыхтаваць такія дакументы аказалася непад’ёмнай справай. Дык вось праект указу адмяняе сертыфікаты. Затое ўводзіцца двайны адзіны падатак.
З'явіўся праект указа Лукашэнкі па індывідуальных прадпрымальніках (фота)
Анатоль Шумчанка, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Перспектыва”, якое гуртуе беларускіх прадпрымальнікаў, лічыць канцэпцыю новага законапраекту слушнай. Але адзін з прынцыповых момантаў зноўку можа пераўтварыць падпісанне дакументу ў "правал".
Шумчанка: “Тая падатковая нагрузка, з тымі каэфіцыентамі, якія закладзены, яна не адпавядае сённяшнім эканамічным рэаліям. Тут галоўнае — не перабольшыць, не перагнуць палку. Мы падлічылі, што ў Мінску падатак будзе 5-6 мільёнаў. Плюс яшчэ мільёнаў 7-8 — арэнда. Выбачайце мне, гэта "дурныя" грошы. Яшчэ трэба папрацаваць, зарабіць. З такім гандлем, як сёння, гэта проста нерэальна”.
Шумчанка лічыць, што ўсё трэба пакінуць так, як было да ўвядзення сертыфікатаў. І тыя падаткі былі цяжкапад’ёмнымі ў параўнанні з рэаліямі суседніх краін. Кіраўніка “Перспектывы” здзіўляе, што яго арганізацыю на абмеркаванне законапраекту нават не паклікалі. І калі прымуць нерацыянальны закон, сітуацыю давядзецца ў чарговы раз спрабаваць вырашыць.
Шумчанка: “Атрымліваецца, зноўку нас без нас "хочуць ажаніць". Можна задраць падаткі дагары і казаць, што калі не можаце працаваць — сыходзьце. Але праблема ад такіх словаў не знікне. Ад таго, што зачыняцца тысячы прадпрымальнікаў, сённяшняе становішча яшчэ больш пагоршыцца. У тым ліку і для сённяшняга ўраду і Лукашэнкі асабіста. Важна захаваць нацыянальнае прадпрымальніцтва ў тым аб’ёме, які сёння ёсць”.
На пытанне, ці існуюць магчымасці, каб праект указа дапрацаваць, Шумчанка назваў такія інструменты, як “здаровы сэнс” і “прагматызм”. Адзначым, што ўказ пакуль Аляксандрам Лукашэнкам не падпісаны.
***
Нагадаем, згодна з ранейшым указам кіраўніка краіны №222 усе індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць вопраткай і абуткам, павінны былі з 1 сакавіка 2015-га мець сертыфікаты якасці на кожную адзінку тавару. ІП патрабуюць адмены гэтага, бо сертыфікаты каштуюць дорага, таму кошт тавару значна вырасце. У выніку літаральна за два дні да набыцця моцы гэтага ўказу намеснік міністра эканомікі заявіў, што штрафаваць прадпрымальнікаў за адсутнасць сертыфікатаў пакуль не будуць (памер штрафу складае ажно 9 млн рублёў) да моманту прыняцця новага ўказа. Фактычна прадпрымальнікі вымушаныя працаваць незаконна, маючы толькі вусныя гарантыі ад Мінэканомікі.