Шустаўскас: Без пашпарта не магу прасіць палітычнага прытулку ў Беларусі

Пра гэта экс-мэр Коўна Вітаўтас Шустаўскас заявіў у размове з Еўрарадыё.



Шустаўскас: “У мяне скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. І я не пашпарт узяў, а ID-картку, якая дзейнічае ў Літве і краінах Еўропы. Але для таго, каб паехаць у Расію ці Беларусь, неабходна мець пашпарт”.



Перад зваротам у беларускую амбасаду палітык даслаў запыт у літоўскую паліцыю з просьбай аформіць яму “нармальны” пашпарт. Кажа, абяцалі зрабіць цягам 15 дзён. Пасля гэтага ён абяцае распачаць працэдуру атрымання беларускага грамадзянства.



Нагадаем, пра жаданне папрасіць палітычнага прытулку Вітаўтас Шустаўскас заявіў Еўрарадыё 8 жніўня. Прычым, ён казаў, што напіша адмысловы ліст кіраўніку Беларусі. Зараз палітык прызнаецца, што нічога Аляксандру Лукашэнку так і не напісаў. Якім чынам гэтаму магла перашкодзіць адсутнасць звычайнага пашпарта, Шустаўскас не патлумачыў. Праўда, пацікавіўся думкай журналіста Еўрарадыё, як паставіцца беларускі кіраўнік да просьбы аб наданні палітычнага прытулку літоўскаму палітыку.



Фота — ru.delfi.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі