Швецыя і Латвія таксама закрылі для" Белавія " свае аэрапорты
Air Baltic з 27 мая адмяняе рэйсы ў Мінск / Reuters
Еўрапейскія краіны працягваюць закрываць сваю паветраную прастору для самалётаў нацыянальнага авіяперавозчыка "Белавія". Адпаведныя рашэнні прынялі транспартныя ведамствы Латвіі і Швецыі. Чэхія аб'явіла, што перастане прымаць самалёты "Белавія" з пятніцы.
24 траўня саміт Еўрасоюза рэкамендаваў закрыць для беларускіх авіякампаній аэрапорты ЕС, а таксама папрасіў еўрапейскіх авіяперавозчыкаў пазбягаць палётаў над Беларуссю. Гэта стала адказам ЕС на інцыдэнт з самалётам Ryanair. У выніку "Белавія" вымушана была адмяніць рэйсы ў Вільню і Парыж, а таксама ў Лондан і Кіеў, якія таксама падтрымалі рашэнне Еўрасаюза.
У аўторак аб абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю заявіла і Латвія. Урад краіны "увёў абмежаванні на выдачу дазволаў на палёты зарэгістраваным у Беларусі авіяперавознікам разам з выкарыстаннем паветранай прасторы і аэрапортаў Латвіі", гаворыцца ў заяве латвійскага міністэрства транспарту. Таксама падкрэсліваецца, што "рашэнне ўступае ў сілу неадкладна".
У латвійскім мінтрансе растлумачылі, што гэтае рашэнне "прыпыняе дзеянне дазволу на палёты беларускай авіякампаніі "Белавія", а таксама прадугледжвае адмову на выдачу дазволаў "на нерэгулярныя пералёты беларускім перавозчыкам".
AirBaltic таксама пакуль не будзе лятаць у Мінск. Акрамя таго, у латвійскіх аэрапортах не будуць абслугоўваць самалёты, якія заходзілі ў паветраную прастору Беларусі.
Падобнае рашэнне прыняло і шведскае ўпраўленне транспарту. Ведамства часова адмяніла дазвол, выдадзены "Белавія" на выкананне палётаў паміж Швецыяй і Беларуссю.
"Гэта прафілактычнае рашэнне. У цяперашняй сітуацыі мы не бачым гарантаванага бяспечнага кіравання рухам транспарту", — цытуе кіраўніка аддзела суднаходства і авіяцыі Гунара Юнгберга ТАСС. Паводле яго слоў, у Стакгольме разумеюць, што "гэта можа стварыць праблемы для падарожнікаў. Але бяспека пасажыраў важней за ўсё".
Гэтым летам "Белавія" планавала лятаць у Стакгольм 4 разы на тыдзень, найбліжэйшы рэйс павінен быў адбыцца ў пятніцу. Вялікія планы былі і на Рыгу. Зараз "Белавія" лятае ў латвійскую сталіцу па серадах і пятніцах, але з ліпеня збіраліся — кожны дзень.
Пазней на сайце авіяперавозчыка з'явілася аб'ява, што "Белавія" вымушана адмяніць усе палёты ў/з Рыгі з 26 траўня па 25 чэрвеня 2021 года, і рэйсы ў/з Стакгольма па 30 кастрычніка 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.