Шведы атрымліваюць беларускія візы ў аддзяленні міліцыі
Жыхары краін, дзе няма нашай амбасады, ляцяць у Беларусь праз Маскву, але атрымаць візу ў аэрапорце не могуць.
ЖЖ-юзер ovsiasha распавядае ў блогу гісторыю пра сваяка са Швецыі, дзе пасля “плюшавага дэсанту” няма беларускага прадстаўніцтва. Жыхары краін, дзе няма беларускай амбасады, могуць атрымаць візу непасрэдна у мінскім аэрапорце. Гасцявое запрашэнне шведу прывезлі ў консульскую службу аэрапорта як трэба, за тры дні да прылёту. Швед Ларс падрыхтаваў фотакарткі 3,5 Х 4,5 ды неабходныя 90 еўра за візу. Але на беларускай зямлі яго рэйс з Масквы чакала толькі адна супрацоўніца аэрапорта, якая не магла патлумачыць, дзе і як паставіць візу.
“Памежніка знайшлі і тут высветліўся казус, — піша ovsiasha. — З улікам таго, што з Расіяй няма афіцыйнай мяжы, консульскі пункт фармальна знаходзіцца ў "чыстай" зоне і пракрасціся туды, калі прыляцеў з Масквы, просты смяротны швед не мае ніякай законнай магчымасці”.
Адпаведна, замежнік, які легальна прыляцеў у Мінск, выходзіць з аэрапорта парушальнікам беларускага памежнага рэжыму. Адзінае выйсце — здавацца!
“Ён, а таксама той, хто запрашаў, будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, — папярэджваюць Еўрарадыё ў Аддзеле па міграцыі цэнтральнага раёна Мінска. — У нас складуць пратакол і выпішуць штраф. Ён можа быць і 200, і 500 тысяч рублёў, у залежнасці ад сітуацыі”.
Па першым разе могуць вынесці і простае папярэджанне, супакойваюць Еўрарадыё ў Аддзеле па міграцыі Савецкага раёна Мінска. Да таго ж, на месцы вырашыцца і візавае пытанне, прычым… на больш лагодных умовах.
“Пасля таго, як ён выканае рашэнне па пратаколе, мы выдадзім яму візу. Выязная віза каштуе 100 тысяч, сюды дадайце 50 тысяч за рэгістрацыю і кошт страхоўкі на перыяд знаходжання”.
Па словах прадстаўнікоў памежнай службы аэрапорта “Мінск-2”, сітуацыя з “бязвізавымі” замежнікамі на маскоўскіх рэйсах не рэдкасць, на дзень такіх можа назбірацца каля дзесяці.
“Такія выпадкі сапраўды здараюцца, мы пра іх ведаем і аналізуем, — кажа прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. — Мы прапаноўваем органам, адказным за кантроль на мяжы, прадумаць такі механізм, якія б выключылі падобныя здарэнні ў будучыні. Але агулам, ніякай крытычнай сітуацыі няма”.
Дакладнай лічбы “парушальнікаў” з маскоўскіх рэйсаў ніхто не называе. Тэрміны і сродкі вырашэння праблемы таксама застаюцца таямніцай.
“Я цяпер буду ўвесь час узгадваць абсалютна афігеўшы твар Ларса, які падпісвае ў беларускім пастарунку пратакол пра парушэнне ўязнога рэжыму, як адзіны магчымы ў яго выпадку шанец усё ж атрымаць візу ў нашую маленькую, але ганарлівую краіну”, — рэзюмуе свой аповед жж-юзер ovsiasha.