Дэпутат Савіных пацвердзіў, што беларускія турфірмы і МЗС выдаюць візы мігрантам
"Туристы" у ТЦ "Галерея" в Минске
Групы замежнікаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, якіх можна назіраць у апошні час у цэнтры Мінска, "гэта не мігранты, а турысты", заявіў Андрэй Савіных, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў. Агенцтва "Мінск-Навіны" папрасіла яго пракаментаваць сітуацыю. Чытачы партала пішуць, што "мігранты запаланілі сталічныя гасцініцы, яны начуюць нават у пераходах".
Савіных распавёў, што нядаўна быў з парламенцкай дэлегацыяй у Турцыі, дзе абмяркоўваў "гэтыя пытанні".
"Міністэрства замежных спраў праводзіць вельмі дбайную селекцыю і выдае візы толькі па запрашэннях ад цалкам канкрэтных турыстычных фірмаў. Яны функцыянуюць ў Беларусі, і прадастаўляюць поўны пакет паслуг, і маюць адпаведную рэгістрацыю", — сказаў Савіных.
Пры гэтым ён прызнаў, што "частка гэтых людзей пасля турыстычных мэтаў" вырашае перайсці мяжу з Літвой ці Польшчай.
"Вось гэта ўжо можна кваліфікаваць як парушэнне закона і нелегальныя дзеянні. Але да таго моманту гэтыя грамадзяне знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі цалкам легальна", — паўтарыў Савіных.
Чым выкліканая такая раптоўная і павышаная цікавасць выхадцаў з краін Блізкага Усходу да турыстычнага патэнцыялу Беларусі, і што менавіта іх прыцягвае ў краіне, Савіных не патлумачыў.
Праблемы на межах Беларусі з краінамі ЕС пачаліся пасля ўвядзення чарговага пакета санкцый у дачыненні да афіцыйнага Менска і заявы Аляксанда Лукашэнкі, што цяпер беларускія ўлады будуць займацца стрымліваннем нелегальнай міграцыі "роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне".
У Еўрапейскім Саюзе лічаць, што міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай мае штучны характар, і да яго стварэння датычныя ўлады Беларусі. Кіраўнік МЗС Германіі Хайка Маас назваў Лукашэнку "кіраўніком дзяржаўнай сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў". Цяпер ідзе падрыхтоўка пятага пакета санкцый ЕС. Абмежаванні закрануць фізічных асоб і кампаній, якія маюць дачыненне да арганізацыі нелегальнай міграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.