Сітуацыя з медыцынскім кіслародам у Беларусі "складаная, але не крытычная"
Сітуацыя з медыцынскім кіслародам у Беларусі "складаная, але не крытычная". Пра гэта ў каментары прэс-службе Міністэрства аховы здароўя заявіў дырэктар прадпрыемства "Крыён", якое займаецца яго вырабам, Алег Гаўрушын.
Як вядома, сітуацыя з чарговай хваляй COVID-19 у Беларусі складаная. У сацсетках з'яўляюцца шматлікія паведамленні пра недахоп медыцынскага кіслароду, які называюць "жыццёва важным сродкам для барацьбы лекараў з каранавірусам". Як піша Мінаховы здароўя, патрэба ў медыцынскім кіслародзе ў нашай краіне вырасла ў 4 разы.
"Крыён" працуе няспынна. Ужо два тыдні "ўсе магутнасці прадпрыемства перайшлі на вытворчасць выключна медыцынскага кіслароду". Гаўрушын падкрэслівае, што "прадукт доўга не захоўваецца", таму яго назапасіць немагчыма. Медыцынскі кісларод пастаўляецца ў бальніцы ў балонах, а ў больш сучасных медустановах вадкі кісларод зліваецца ў спецыяльныя ёмістасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.