Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі дасягнула ніжэйшай кропкі — урад ФРГ
Затрыманне ўдзельніка пратэстнай акцыі ў Мінску / Reuters
У пятніцу 18 снежня Бундэстаг Нямеччыны будзе разглядаць дакумент аб палітыцы ўрада ФРГ у сферы правоў чалавека. Аналізаваўся перыяд з кастрычніка 2018 па верасень 2020 года. У дакуменце ўзгадваецца і Беларусь.
"У Беларусі істотны дэфіцыт грамадзянскіх і палітычных правоў, асабліва ў сферы свабоды СМІ, сходаў і аб'яднанняў", гаворыцца ў справаздачы. Вытрымкі з дакумента прыводзіць агенцтва БелаПАН.
Праваабарончыя арганізацыі, незалежныя партыі і выдавецтвы вымушаныя працаваць ва ўмовах значных абмежаванняў. Адзначаецца, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі стала паслядоўна пагаршацца са снежня 2019 года.
"Пасля масавых рэпрэсій напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і гвалтоўнай рэакцыі на мірныя пратэсты пасля выбараў яна дасягнула ніжэйшай кропкі на гэты момант", гаворыцца ў дакуменце.
У гэты перыяд нязгодныя з уладай праваабаронцы, журналісты і ўдзельнікі пратэстаў падвергнуліся масавым рэпрэсіям, "у тым ліку пагрозам, пераследу, затрыманням, высылцы і ў асобных выпадках вельмі жорсткаму абыходжанню", адзначаецца ў справаздачы.
У дакуменце ўзгадваюць і пра тое, што ў Беларусі па-ранейшаму захоўваецца смяротнае пакаранне, а дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю цалкам спыніўся. Няма і дыялогу аб правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю. Ён пачаўся ў 2015 годзе, у 2018-м беларускі МЗС нават прадставіў даклад аб рэалізацыі Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016-2019 гады, дзе, праўда, не было ніякага прагрэсу ў сферы свабоды сходаў, аб'яднанняў і СМІ.
Урад Германіі і ЕС па-ранейшаму "падтрымліваюць шырокі спектр мер па прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі як на двухбаковай аснове, так і па лініі "Усходняга партнёрства", адзначаецца ў дакуменце, але сумеснай пляцоўкі для працы ў гэтым кірунку, па сутнасці, больш няма —праца стратэгічнай кансультатыўнай групы пад эгідай знешнепалітычных ведамстваў пасля беларускіх выбараў была згорнутая. Пасля ўвядзення ЕС візавых санкцый Беларусь прыняла рашэнне і аб паніжэнні свайго ўдзелу ва "Усходнім партнёрстве" да экспэртнага ўзроўню.
Напярэдадні аб пашырэнні санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальсіфікацыю выбараў і гвалт, ішла размова на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Федэральным прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Суразмоўцы таксама абмеркавалі і ролю АБСЕ ў беларускім пытанні. На думку Ціханоўскай, новы генеральны сакратар арганізацыі Хельга Шмід магла б адыграць важную ролю ў арганізацыі перамоў па правядзенні новых выбараў у краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.