Ціханоўская гаварыла з прэзідэнтам Германіі пра санкцыі супраць памагатых рэжыму
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Федэральным прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, які выказаў захапленне подзвігам беларускага народа.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, на сустрэчы абмяркоўвалася важнасць нацыянальнага чынніка ў барацьбе за свабоду. Святлана падкрэсліла, што мова, гісторыя, цікавасць да культуры і нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга ўмацоўваюць беларускія пратэсты.
Гаворачы пра сыход Аляксандра Лукашэнкі, Ціханоўская адзначыла: важна, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Яна папрасіла, каб Германія падтрымала пашырэнне санкцый супраць памагатых беларускага рэжыму.
Акрамя таго падчас сустрэчы Ціханоўская і Штайнмаер абмеркавалі вакцыну супраць каранавіруса і яе магчымыя пастаўкі ў Беларусь для дактароў, якія працуюць у складаных умовах.
Таксама Ціханоўская і Штайнмаер абмеркавалі і ролю АБСЕ. На думку Ціханоўскай, новы генеральны сакратар арганізацыі Хельга Шмід магла б адыграць важную ролю ў арганізацыі перамоваў па правядзенні новых выбараў у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.