Сівак — пра збор подпісаў: фіксуем факты, калі мэта — справакаваць беспарадкі
Старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак у аўторак быў з дакладам у Аляксандра Лукашэнкі. Яны гаварылі пра падтрыманне грамадскага парадку ў сталіцы ў час выбарчай кампаніі. Лукашэнка заявіў, што чакае ад Сівака і ад сілавікоў "поўнага парадку ў горадзе-героі Мінску", бо "няймецца камусьці". Верагодна, ён мае на ўвазе збор подпісаў у Мінску за альтэрнатыўных патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Каб падпісацца за тую ж Святлану Ціханоўскую, людзі стаяць гадзінамі — збіраюцца вялікія чэргі. Улады чамусьці ў гэтым бачаць пагрозу. Пра гэта кіраўнік дзяржавы напярэдадні гаварыў з кіраўніком КДБ Валерыем Вакульчыкам.
Падтрыманне ў Мінску грамадскага парадку — першачарговая задача для кіраўніцтва сталіцы. Пра гэта па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў Анатоль Сівак.
"Фіксуюцца факты, калі мэта [ініцыятыўных груп] не збор подпісаў, а зусім іншая — каб справакаваць беспарадкі, — цытуе словы Сівака sb.by. — Абразы гучаць. Гэтая сітуацыя знаходзіцца пад нашым жорсткім кантролем".
Старшыня Мінгарвыканкама запэўніў, што кантроль не будзе змяншацца. Больш таго, будуць прымацца нейкія меры, якія не дазволяць ініцыятыўным групам патэнцыйных кандыдатаў парушаць заканадаўства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.