Рэканструкцыя вуліцы Камсамольскай у Мінску каштавала 3,5 мільёна рублёў
Рэканструкцыя вуліцы Камсамольскай у Мінску каштавала 3,5 мільёна рублёў. Пра гэта кіраўнік Мінгарвыканкама Анатоль Сівак паведаміў у інтэрв'ю парталу TUT.by. Раней называлася сума ў 1,1 мільёна долараў (каля 2,2 мільёна рублёў).
Як распавядала Еўрарадыё, сёлета ўвесну на Камсамольскай заржавелі амаль усе металічныя элементы: чыгунныя слупкі, ланцугі, зліўныя краткі, ножкі лавак.
Пра афармленне вуліцы Сівак выказаўся сцярожна: "Крытыку зазнае ўсё, бо няма стандартнага, аднаго погляду на такія рэчы. Ацаніць талент нейкага архітэктара можна толькі з часам".
Дарэчы, кіраўнік сталіцы паведаміў, што цяпер ідзе ўзгадненне новага галоўнага архітэктара Мінска. Галоўны архітэктар Аляксей Мартынаў адпрацаваў на пасадзе толькі месяц і сышоў па сямейных абставінах, яго папярэдніка Паўла Лучыновіча падазраюць у атрыманні хабару, ён затрыманы.
"Працэс узгаднення новай кандыдатуры ідзе. Хутчэй за ўсё, будзе жанчына", — распавёў Сівак.