СК разбіраецца з тэндарам па вакцыне "Эўпента" "у цесным кантакце" з КДБ

СК разбіраецца з тэндарам па вакцыне "Эўпента" "у цесным кантакце" з КДБ

Старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч у праекце "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1" пракаментаваў расследаванне смерці 2-месячнага дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне пасля прышчэпкі. Журналіст нагадаў яму, што ў СМІ гучыць версія: "Ледзь не выпрабоўвалі вакцыну на беларускіх дзецях".

Наскевіч паведаміў, што даў загад, каб матэрыялы праверкі перадалі ў Галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Крымінальная справа не распачатая — няма заключэння аб прычынах смерці дзіцяці. Старшыня СК заклікаў быць асцярожнымі з тэрміналогіяй: "Журналісцкія штампы могуць нашкодзіць".

Як вядома, журналісцкае расследаванне пра тое, як у Беларусь трапіла паўднёвакарэйская вакцына “Эўпента”, правяло інтэрнэт-выданне “Ежедневник”. У яго аўтара і ўзнікла падазрэнне наконт выкарыстання беларускіх дзяцей у якасці “палігона для выпрабаванняў” замежнай вакцыны. Сяргей Сацук, дарэчы, днямі ў эфіры Еўрарадыё заявіў, што ад такой высновы не адмаўляецца.

Іван Наскевіч паведаміў, што следчыя разбіраюцца, наколькі справядлівы і законны быў тэндар, як вакцына "Эўпента" трапіла на тэрыторыю Беларусі (яна незарэгістраваная ў нашай краіне). І робіцца праверка "у цесным кантакце" з КДБ. Як вядома, раней дзяржбяспека затрымлівала медыкаў і чыноўнікаў за карупцыю. У справе фігуравалі шматлікія тэндары. І некаторыя з тых, хто знаходзіцца пад вартай, магчыма, можа патлумачыць сітуацыю пра вакцыну.

"Калі падставы для крымінальнай справы будуць, то справу распачнем, — кажа Наскевіч. — Прыкладзем усе высілкі, каб тут белае назваць белым, а чорнае чорным".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі