Скардзіна заняла 15-е месца ў індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце свету

Скардзіна заняла 15-е месца ў індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце свету

Надзея Скардзіна заняла 15-е месца ў індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце свету па біятлоне ў Халменколене. На першых трох агнявых рубяжах беларуска адстралялася без промахаў і таму трымалася ў лідарах гонкі — на шостым месцы. Аднак на чацвёртай стральбе Скардзіна зрабіла адзін промах, што дадало ёй дадтковую хвіліну да часу праходжання дыстанцыі. Беларуска заняла ў выніковым пратаколе 15- месца з часам 46 хвіл. 27,1 сек.

Перамогу ў гонцы на 15 км святкавала францужанка Мары Дарэн-Абер — 44 хвіл. 02,8 сек. На другім месцы апынулася яе суайчынніца Анаіс Бескон (+12,2 сек.). Бронзу заваявала немка Лаура Дальмайер (+1 хвіл. 17,8 сек.).

Іншыя прадстаўніцы Беларусі паказалі горшыя вынікі, чым Скардзіна: Анастасія Дубарэзава была 34-й, Дар'я Юркевіч заняла 61-е месца, а Ірына Крыўко — 64-е.

Такім чынам, зараз першае месца ў медальным заліку чэмпіянату свету займае зборная Францыі: 4 залатыя, 2 сярэбраныя і 1 бронзавы медаль. На другім месцы апынулася каманда Нарвегіі — 5 медалёў (1+2+2). Каманда Нямеччыны мае чатыры медалі: 1 залаты, 1 срэбраны і два бронзавыя.

10 сакавіка на чэмпіянаце свету адбудзецца індывідуальная гонка на 20 км у мужчын. Старт запланаваны на 17.30 паводле мінскага часу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі