“Скворечник” і “Бусы” — альтэрнатыва мульцікам і дзіцячым спектаклям

Знаёмцеся! Ён — Лёня Паўлёнак, лідар гуртоў “НаГуаль” і Malanka Orchestra, удзельнік 12 розных праектаў. Яна — Аня Шапашнікава, удзельніца крамы “Шерстяной шкаф”, аўтар публікацый на сайце minchanka.by, музыка “НаГуаля”, жонка Лёні. Нядаўна дуэт перайшоў у статус бацькоў і пачаў ствараць спектаклі для дзяцей.

“Задумалі мы зрабіць “Скворечник” у час, калі я насіла ў жывоціку сваю дачушку, — распавядае Аня гісторыю ўзнікнення творчай майстэрні “Скворечник”. — Мы думалі, чым бы нам разам заняцца, і вырашылі спяваць і граць. Ёй вельмі падабаецца з тых самых часоў”.

У рэпертуары “Скворечника” сёння спектакль “Кто живёт в сугробе” і музычная праграма “Море под шубой”. На думку Лёні Паўлёнка, падобны сямейны адпачынак у нейкай ступені адраджае забытыя хатнія тэатры XIX стагоддзя і мае за мэту расфарбаваць духоўны свет дзяцей і бацькоў.

“Для мяне “Скворечник” дарагі сваёй камернасцю, чароўнай сямейнай інтымнасцю, дзіцячасцю і тым, што гэта робіць мая жонка, — цешыцца Лёня. — Мне вельмі прыемна, тым больш, што мы цяпер на хвалі і на правах маладых бацькоў, нам гэтая тэма блізкая, і, мне падаецца, усё атрымліваецца добра”.

З’яўленне “Скворечника” падштурхнула Аню і арганізатарку дзіцячых імпрэз у Мінску Насту Базарт да стварэння праекту “Бусы. Бусинка к бусинке”. У межах праекту адбываюцца тэматычныя сустрэчы. Дзеці і бацькі знаёмяцца з музычнымі інструментамі, глядзяць спектаклі, якія ў тым ліку ладзіць “Скворечник”, і слухаюць казкі, якія чытаюць услых вядомыя людзі.

“Нам падавалася, што гэта будзе актуальным. І на самой справе, так і апынулася, — усміхаецца Ганна. — Натуральна, што дзецям і бацькам заўсёды было куды пайсці ў Мінску: ёсць музеі, ёсць канцэртныя залы. Але нам падаецца, што ў нас атрымоўваецца стварыць больш нефармальную атмасферу. Нешта падобнае па атмасферы ў нас ёсць у галерэі “Ў” з пункту гледжання мастацкага падыходу. А мы прапануем музычныя і кніжныя сустрэчы”.

2 траўня ў межах праекту “Бусы” адбудзецца сустрэча з Леанідам Паўлёнкам, які пазнаёміць дзяцей з ударнымі інструментамі. Пачатак у 17.00. Кавярня “Loft”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі