Славенцы на рэферэндуме прагаласавалі супраць аднаполых шлюбаў
У Славеніі прайшоў рэферэндум наконт права аднаполых параў заключаць шлюбы. “За” прагаласавалі толькі 36,58%.
У галасаванні ўзялі ўдзел толькі 35,7% выбаршчыкаў. Але гэтага было дастаткова, каб вынікі рэферэндуму мелі законную моц. Паводле мясцовага заканадаўства, мінімальная яўка мусіць быць 20%.
У сакавіку парламент Славеніі прагаласаваў за легалізацыю аднаполых шлюбаў. Парам надаваліся ўсе падатковыя ільготы і магчымасць усынаўляць дзяцей. Але з ініцыятывы правай кансерватыўнай партыі і каталіцкай царквы гэты заканапраект быў вынесены на рэферэндум.
63,42% тых, хто прагаласаваў, выступілі супраць шлюбнага раўнапраўя. Цяпер закон аб аднаполых шлюбах мусіць быць скасаваны, паведамляе славенская газета Delo.
Замест шлюбаў аднаполыя пары змогуць, як і раней, рэгістраваць так званыя партнёрствы.
Фота: pinknews.co.uk