Следчы камітэт затрымаў галоўнага інжынера "Экамедсэрвіса"
Гэта адбылося ў рамках расследавання крымінальнай справы пра смерць Юліі Кубаравай. Галоўны інжынер стаў ужо шостым затрыманым.
Галоўны інжынер медычнага цэнтра "Экамедсэрвіс" адказваў за абслугоўванне апарата штучнага дыхання. Пра яго затрыманне паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэт па Мінску Аляксей Волкаў, адзначае interfax.by.
Волкаў кажа, што нікому з раней затрыманых абвінавачанне не выстаўлялі і меру стрымання не змянялі. Разам з тым праваахоўнік не выключыў, што да канца тыдня мера стрымання камусьці з іх можа быць змененая. Таксама ён паведаміў, што затрыманыя медыкі супрацоўнічаюць са следствам.
Нагадаем, што пасля аперцыі па рынапластыцы дзяўчына чатыры тыдні знаходзілася ў коме, а потым памёрла. Паводле папярэдніх звестак, прычынай смерці маглі стаць непаладкі ў апараце штучнага дыхання. Па словах Волкава, апарат не правяраўся з 2007 года. А інжынеры цэнтра, кажа ён, не мелі належнай кваліфікацыі для абслугоўвання апаратуры.
Аляксандр Лукашэнка 3 траўня загадаў правесці адміністрацыйную праверку "Экамедсэрвісу", а да вінаватых у смерці дзяўчыны прыняць самыя жорсткія меры.
Фота — potrebitel.by