Следчыя атрымалі справу кіраўніка дэпартамента Беларускай федэрацыі футбола
Следчыя органы прынялі да вытворчасці справу ў дачыненні да дырэктара дэпартамента судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола Андрэя Жукава. Далейшым расследаваннем будзе займацца ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі па Мінску. Пра гэта БелаПАН паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксей Клімовіч.
Як паведамляла Еўрарадыё, спартыўны чыноўнік быў затрыманы ў сваім працоўным кабінеце 7 чэрвеня. Зрабілі гэта супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама разам з супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага РУУС сталіцы. Жукава падазраюць у атрыманні хабару, распачатая крымінальная справа (ч. 1 арт. 430 КК). Ад таго часу ён знаходзіцца пад вартай.