Следчыя паставілі ультыматум маці Навальнага
Акцыя ў памяць Аляксея Навальнага, ілюстрацыйнае фота
Аляксея Навальнага могуць пахаваць на тэрыторыі калоніі. Яго маці паставілі ўльтыматум, паведамляе прэс-сакратарка загінулага палітыка Кіра Ярмыш.
Следчыя заявілі: або маці Навальнага сёння пагаджаецца на таемнае пахаванне без публічнага развітання, або ўсё адбудзецца ў калоніі. Жанчына адказала, што адмаўляецца ад такіх перамоваў з СК, бо яны не маюць законных падстаў вырашаць пытанне з пахаваннем яе сына.
Адвакаты маці Навальнага падалі ў Следчы камітэт заяву пра "здзек з цела памерлага".
Шмат вядомых музыкантаў, актывістаў, пісьменнікаў запісалі публічныя звароты з заклікам аддаць цела палітыка сям’і. У тым ліку відэа запісала беларуская нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
Аляксей Навальны — самы вядомы з палітычных апанентаў Пуціна. У 2020-м яго атруцілі ў Расіі, ён быў у стане комы. Апазіцыянера вывезлі ў Германію, дзе яго вылечылі і рэабілітавалі. Пасля гэтага Навальны вярнуўся ў Расію, ведаючы, што яго могуць арыштаваць. У 2022-м яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў. Падчас адбыцця прысуду апазіцыянера 27 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Пра смерць 47-гадовага Навальнага ў калоніі афіцыйна паведамілі 16 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.