Следства: Вучні Раціцкай школы маглі атруціцца чадным газам

Следства: Вучні Раціцкай школы маглі атруціцца чадным газам

Прычынай атручвання школьнікаў у школе ў Рацічах Гродзенскага раёна мог стаць чадны газ. Папярэднія вынікі расследавання гучнай справы распавялі 25 сакавіка на бацькоўскім сходзе ў школе спецыялісты, інфармуе БЕЛТА.

Нагадаем, што 11 лютага ў аграгарадку Рацічы 42 школьнікі былі шпіталізаваныя з дыягназам "атручэнне невядомай этыялогіі".

"У крыві ў шэрагу дзяцей было выяўлена нязначнае перавышэнне карбоксігемаглабіну — гэта прадукт далучэння вокісу вугляроду да гемаглабіну, які выклікае кіслароднае галаданне", — распавяла першая намесніца начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Наталля Антановіч. У здаровага чалавека ўтрыманне яго ў крыві не перавышае 1,5-4%. А ў 29 з 42 вучняў Раціцкай школы гэты паказчык склаў ад 4,1% да 8%. Па словах спецыялістаў, парог атручвання — ад 10% і вышэй. Паказчык у вучняў не вельмі высокі, але і яго было дастаткова, каб дзецям стала дрэнна.

Начальнік следчага ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Андрэй Яўлаш падкрэсліў: "Атручванне чадным газам — папярэдняя версія. Расследаванне яшчэ працягваецца. Былі праведзеныя ўсе магчымыя замеры, ўзятыя пробы ўсіх магчымых асяроддзяў. Прызначана больш за 80 экспертыз, шэраг заключэнняў ужо атрыманыя. Праведзеныя замеры на наяўнасць усіх вядомых атрутных рэчываў: ніякіх слядоў выяўлена не было". Ён дадаў, што ў большасці дзяцей у крыві знойдзеныя рэшткавыя прадукты гарэння, якія сведчаць пра лёгкую форму інтаксікацыі чадным газам.

Спецыялісты апісалі і папярэднюю карціну здарэння. 11 лютага слабы вецер прыбіваў дым да школы. Рэзкае пахаладанне і выпадзення снегу прывяло да таго, што газ сабраўся каля сцяны навучальнай установы, як у калодзежы. Калі першым дзецям стала дрэнна, настаўнікі адчынілі акно, чым пагоршылі сітуацыю: у памяшканне трапіла вялікая колькасць чаднага газу. Большасць пацярпелых — менавіта тыя дзеці, якія стаялі каля акна. На карысць гэтай версіі сведчыць знойдзеныя на адзенні школьнікаў, а таксама на прываконнях і шыбах часцінкі прадуктаў гарэння.

Андрэй Яўлаш заявіў, што цяпер следства павінна вызначыць, у чым была памылка пры праектаванні кацельні, вентыляцыі, катла, і зрабіць так, каб у будучыні гэтага не паўтарылася нават пры самых неспрыяльных умовах.

Праца школы пасля здарэння была прыпыненая. 176 вучняў ездзілі ў суседні асёлак Сапоцкін. Цяпер вырашана аднавінць навучанне ў Раціцкай школе з 28 сакавіка.

Па словах санстанцыі, канцэнтрацыя ўсіх хімічных рэчываў у паветры адпавядае нормам, і здароўю дзяцей нічога не пагражае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі