"Слізкая сумяшчальнасць": як УКБ адмяніла перамогу ў тэндары на $840 тысяч
Фота: infokolomna.ru
У красавіку Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама абвясціла тэндар на пастаўку абсталявання лакальнай вылічальнай сеткі для будучага будынка Вярхоўнага суда Беларусі на вуліцы Арлоўскай. 1 783 690 рублёў — такой была цана закупкі, на якую разлічвала УКБ. 11 лістапада таргі выйграла ТАА "Солидекс", ацаніўшы кошт сваіх паслуг усяго ў 728 028 рублёў. Праз месяц УКБ раптоўна адмовілася ад пастаўшчыка-пераможцы і адмяніла працэдуру закупкі. Еўрарадыё разбіраецца, чаму.
"Лакальна-вылічальная сетка — праграмна-апаратны комплекс, у якім усе сістэмы павінныя быць сумяшчальныя, — тлумачыць прадстаўнік кампаніі "Солидекс" Дзмітрый Васільеў. — Мы планавалі даць дзяржаве камутатары [прызначаныя для злучэння некалькіх вузлоў сеткі ў межах аднаго або некалькіх яе сегментаў — Еўрарадыё]. Выйгралі тэндар, але пасля завяршэння конкурсу праектавальнікі пачалі сумнявацца, што нашае абсталяванне будзе сумяшчальнае з тымі сістэмамі, якія ў іх ужо ёсць. Паводле маіх дадзеных, днямі конкурс плануецца абвясціць нанова".
Спецыяліст распавядае, што сістэма таргоў (калі гаворка ідзе пра будаўніцтва) дазваляе дапаўняць патрабаванні аж да моманту заключэння дамова.
"Мы не тое каб расстроіліся, але плануем браць удзел і ў новым конкурсе, — кажа ён. — Паняцце сумяшчальнасці — даволі слізкае. Па асноўных параметрах нашае абсталяванне сумяшчальнае з наяўнымі сістэмамі. Яно можа быць несумяшчальнае ў нейкіх асобных галінах, якія могуць быць не важныя заказчыку. Будзем біцца і даказваць. Патрабаванні трэба выстаўляць дакладна".
Чаму ва УКБ выставілі цэннік, які аказаўся ў два разы большым за прапанаваны?
Дзмітрый Васільеў кажа, што, хутчэй за ўсё, заказчыкі прыкідвалі цану, арыентуючыся на суб'ектыўнае вывучэнне адкрытых крыніц. Пры такім падыходзе чаканы кошт можа адрознівацца ад рэальнага.
Ва УКБ каментаваць сітуацыю адмовіліся.