Словы пра іслам, за якія, магчыма, забілі Барыса Нямцова (тэкст)
Расійскія СМІ неафіцыйна паведамляюць, што забойца расійскага апазіцыянера патлумачыў свае дзеянні “выказваннямі аб мусульманах”.
Тлумачэнні прычын забойства Барыса Нямцова паводле СМІ, даў абвінавачаны Заур Дадаеў, які шмат гадоў служыў у батальёне “Поўнач”, арганізаваным Рамзанам Кадыравым для правядзення спецаперацый на тэрыторыі Чачні. Па словах абвінавачанага, прычынай забойства Барыса Нямцова сталі не яго апазіцыйныя погляды, а выказванні пра мусульман, іслам, а таксама яго пазіцыя адносна карыкатур з французскага часопіса Charlie Hebdo.
Сваё стаўленне да тэракта ў Парыжы Нямцоў коратка выклаў на сайце “Эха Масквы” 9 студзеня 2015 года пад загалоўкам “Ісламская інквізіцыя”. Падаем тэкст цалкам:
"Іслам — маладая рэлігія. Узнікла яна ў 7 стагоддзі, гэта значыць іслам маладзейшы за хрысціянства прыкладна на 600 гадоў. І калі хрысціяне жывуць у 21 стагоддзі, то мусульмане ў 14-15.
Заўважу, 14-15 стагоддзе — росквіт інквізіцыі, судоў над ерэтыкамі і вогнішчаў са спаленымі жыўцом.
Цяпер мы сведкі сярэднявечнай ісламскай інквізіцыі. Пройдуць стагоддзі і іслам пасталее, а тэрарызм сыдзе ў мінулае. Але сядзець і нічога не рабіць таксама не варта.
Гісторыя інквізіцыі шмат чаму нас вучыць. Па-першае, для спынення рэлігійнага тэрору неабходна змагацца за свецкую дзяржаву, то бок, за аддзяленне мячэці ад улады.
Па-другое, вельмі важная пазіцыя муфтыяў. Калі яны будуць адназначна асуджаць тэрор і забойствы, адлучаць ад ісламу забойцаў, гэта можа моцна дапамагчы перамагчы тэрор.
Па-трэцяе, не павінна быць ніякага апраўдання тэрору. Калі тут некаторыя пішуць, што карыкатурысты самі вінаватыя, што здзекаваліся з прарока Мухамеда, яны апраўдваюць забойства. Забойства — гэта цяжкі грэх, у тым ліку і ў адпаведнасці з Каранам, а сатыра, нават здзеклівая, грахом не з'яўляецца. І параўнанні карыкатурыста з забойцам-фанатыкам толькі правакуюць тэрарыстаў.
Няма чаго забойцаў параўноўваць з журналістамі.
Ясна адно. Іслам як маладая рэлігія знаходзіцца ў Сярэднявеччы і яго чакае доўгая барацьба, каб перамагчы ісламскую інквізіцыю.
Хутка нічога не атрымаецца".
Расійскі апазіцыянер Барыс Нямцоў быў застрэлены ў цэнтры Масквы позна ўвечары 27 лютага. На дадзены момант затрыманыя 5 падазраваных, усе яны з’яўляюцца ўраджэнцамі Чачні і Інгушэціі.