Случчанка паўгода ходзіць на працу, нічога не робіць і атрымлівае заробак
Жыхарка Слуцка Ларыса Грыгаровіч паўгода ходзіць на працу і проста сядзіць у кабінеце. За гэта ёй плацяць заробак 270 рублёў. Жанчына просіць начальства даць ёй падпрацоўку або скараціць, але безвынікова, піша kurjer.info.
Ларысе Грыгаровіч 51 год, 25 гадоў яна адпрацавала сацыяльным работнікам. Потым па стане здароўя памяняла працу — з 19 снежня 2017 года працуе загадчыцай пункта пракату гарадскога стадыёна.
Жанчына кажа, быццам ёй пры прыёме паведамілі, што праца ёсць узімку, а ў цёплую пару года — падпрацоўка ў білетнай касе. Узімку яна выдавала канькі і лыжы, а ўвесны высветлілася, што ў касе стадыёна ўжо працуе пенсіянерка.
З таго час Грагаровіч паўгода прыходзіць на працу і па некалькі гадзінаў сядзіць за пустым сталом. "Псіхалагічна гэта вельмі цяжка і прыгнятае. Чалавек на працы павінен нешта рабіць. Акрамя таго, на 270 рублёў цяжка пражыць, у мяне ёсць дачка-школьніца. Я прасіла даць падпрацоўку або скараціць. Але мне нічога не прапаноўваюць", — тлумачыць жанчына.
Дырэктар стадыёна Генадзь Паніч кажа, што на гэтую пасаду лепш браць супрацоўніка на сезон, каб эканоміць бюджэтныя сродкі. Па яго словах, у пункце пракату плануецца пашырыць асартымент, бо ролікі, тэнісныя ракеткі, мячы не так запатрабаваныя, як канькі і лыжы. Ён не супраць таго, каб Грыгаровіч знайшла падпрацоўку недзе ў іншым месцы. Бо на стадыёне ёй прапаноўвалі толькі мыць сядзенні перад матчамі — яна не пагадзілася.
"Скарачаць пасаду загадчыцы пункта пракату не плануецца. Калі не задавальняе характар працы, яна мае права скасаваць працоўную дамову па пагадненні бакоў", — заявіў Паніч.