Смаленская вобласць:"Гаворка пра тое, каб перадаць землі Беларусі, не ішла"

Губернатар Смаленскай вобласці Аляксей Астроўскі нібыта прапаноўвае аддаць прымежныя землі беларусам: маўляў, свае сяляне не спраўляюцца. Пра гэта піша смаленская газета “Працоўны шлях”.

Краснінскі, Вяліжскі, Манастыршчынскі, Хіславіцкі, Яршыцкі, Шумяцкі ды Руднянскі раёны Смаленшчыны якраз мяжуюць з нашай Магілёўшчынай ды Віцебшчынай.

Еўрарадыё ўдакладняе, якая будзе форма перадачы земляў беларусам. У прэс-службе адміністрацыі Смаленскай вобласці пра заяву губернатара ведаюць. Пра перадачу земляў — не!

“Гаворка пра тое, каб перадаць землі Беларусі, не ішла. Гаворка пра тое, што ў нас ёсць землі, якія можна апрацоўваць, для гэтага мы гатовыя даць магчымасць нашым беларускім суседзям, сябрам, калегам, партнёрам... Наш Краснінскі раён, здаецца, супрацоўнічае з вашым Дубровенскім, Руднянскі — з Лёзненскім. А перадаць землі — думаю, губернатар не мае на гэта паўнамоцтваў”.

Напрыклад, Руднянскі раён Смаленшчыны мяжуе з беларускім Лёзнам. Чым тут могуць завабіць беларускіх аграрыяў, мо заробкам?

"У нас таксама невялікія заробкі — гледзячы ў якой гаспадарцы працаваць. А так — 10 тысяч рублёў (каля 285 долараў. — заўв. Еўрарадыё). На перыяд вясенняй сяўбы ды прыборкі — да 20 тысяч даходзіць!" — кажа галоўны бухгалтар Руднянскага раёна.

Затое ў Манастырчанскім раёне літаральна пасяліліся беларускія будаўнікі — будуць нават узімку. Начальнік Упраўлення сельскай гаспадаркі Адміністрацыі Манастырчанскага раёна Валерый Марозаў расказвае Еўрарадыё пра няўдалы вопыт спробаў папрацаваць з беларусамі:

“Аднойчы запрасілі беларусаў дапамагчы ў пасяўной. Але яны так да нас і не прыехалі. Бо трэба было адправіць паперу на раён, а потым на вобласць. І пакуль паперы хадзілі ўзад-уперад — пасяўная скончылася”.

Дый па ўраджайнасці і Лёзна, і Смаленшчына ідуць на адным узроўні, але “ўсё залежыць ад падыходу”, гаворыць першы намеснік начальніка ўпраўлення сельгасвытворчасці і харчавання Лёзненскага раёна Таццяна Шайкова.

"У нас быў неўрадлівы год: вясна позняя, доўга сядзелі. А ў мінулым годзе даходзіла да 45 цэнтнераў з гектара. Усё залежыць ад апрацоўкі, ад угнаенняў, людзей".

І называюць заробак — ад 1,6 да 6 мільёнаў, хто як працуе.

"Думаю, хочуць пераманіць людзей. Бо нашыя людзі згодныя працаваць за больш нізкія заробкі, чым расіяне. Свае людзі там не хочуць працаваць, а нашыя дысцыплінаваныя. Працаўнікі", - раскрываюць у Лёзне сапраўдныя матывы губернатара Смаленскай губерні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі