СМІ: Частка пасажыраў А321 загінула ад выбуховых траўмаў
Пасажыры расійскага лайнера А321, які пацярпеў крушэнне ў Егіпце 31 кастрычніка, загінулі ад рознага тыпу траўмаў. Пра гэта гаворыцца ў выніках судова-медыцынскай экспертызы, якія трапілі да журналістаў тэлеканала LifeNews.
Паводле інфармацыі СМІ, судмедэксперты з Санкт-Пецярбурга падзялілі загінулых на дзве групы. У першую ўвайшлі тыя, чые целы былі знойдзеныя ў раёне падзення асноўнай часткі самалёта. Яны памерлі з-за страты крыві, шоку, адкрытых чэрапна-мазгавых траўмаў і шматлікіх пераломаў.
Іншыя пасажыры, якія сядзелі ў хваставой частцы, загінулі з-за гэтак званых выбуховых траўмаў. У іх дыягнаставалі апёкі болей як 90 адсоткаў тканак. Абгарэлыя тканкі прааналізуюць на наяўнасць слядоў выбухоўкі. Эксперты ўжо звярнулі ўвагу, што ў многіх целах, якія ляцелі ў хваставой частцы, ёсць часціцы металу і абшыўкі самалёта.
Афіцыйных каментароў на гэты конт пакуль няма, піша Lenta.ru
Цяпер эксперты пачалі аналізаваць інфармацыю “чорных скрыняў” лайнера, які пацярпеў крушэнне. Паводле крыніцаў у Каіры, дзе вывучаюць бартавыя самапісцы, на месцы катастрофы на Сінайскай паўвыспе знойдзеныя элементы, якія не належаць да канструкцыі самалёта. Іх паходжанне высвятляецца.
У сваю чаргу амерыканскія СМІ паведамілі, што інфрачырвоны спадарожнік ЗША зафіксаваў цеплавую ўспышку над Сінайскай паўвыспай, калі ў небе знаходзіўся пасажырскі самалёт кампаніі “Кагалымавія”. Спецыялісты вывучаюць, што магло выклікаць успышку. Адной з прычынаў можа быць выбух у паліўным баку, але пры гэтым не выключаюць і дэтанацыю бомбы.
Фота: REUTERS