Смог і пах дыму ў Мінску могуць завіснуць на тыдзень

Раніцай 3 жніўня жыхары Мінска адчулі моцны пах гару, у некаторых раёнах горада быў заўважаны даволі густы смог. Паводле звестак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ніякіх здарэнняў, якія маглі паўплываць на стан гарадскога паветра, зафіксавана не было.

“Справа ў тым, што ў Магілёўскай вобласці, акурат на мяжы з мінскай вобласцю, у вёсцы Вярхі Асіповіцкага раёна вельмі моцны пажар, — выказвае здагадку пра ўзнікненне смогу прэс-сакратар МНС. — Гарыць 45 гектараў лесу. Цалкам верагодна, што дым ідзе адтуль. Бо ў Мінскай вобласці ніякіх надзвычайных сітуацый не зарэгістравана”.

Сапраўды, у Беларусі цяпер пануе паўднёва-ўсходні вецер, які можа гнаць дым ляснога пажару на сталіцу. Да таго ж, у начныя і ранішнія гадзіны ў Мінску адзначалася інверсія, калі цёплае паветра амаль не ўздымалася, і фактычна, нагнаны дым стаяў на месцы. Такое надвор’е захаваецца і цягам бліжэйшага тыдня, таму цалкам верагодна, што сітуацыя яшчэ пагоршыцца.

“Усталюецца анамальна гарачае і сухое надвор’е, — каментуе кіраўнік гідраметэаралагічнай службы Дзмітрый Рабаў. — У першай дэкадзе сярэдняя тэмпература паветра будзе вышэй за норму на 3-5 градусаў. Усё гэта будзе рухацца да нас з паўднёвых шырот, таму і вецер будзе пераважна паўднёвых напрамкаў. Паступова тэмпература будзе павышацца, і ўжо на выхадных у Беларусі чакаецца 30-36 градусаў без ападкаў. Натуральна, пажаранебяспечная абстаноўка будзе пагаршацца, і ужо ў другой палове тыдня моцна павялічыцца плошча лясоў са статусам "высокая гаручасць"”.

У сувязі з гэтым буйным прамысловым і транспартным прадпрыемствам горада накіраванае папярэджанне пра неспрыяльныя метэаралагічныя ўмовы з мэтай рэгулявання выкідаў у атмасферу. Але пакуль, па словах кіраўніка аддзелу інфармацыйна-аналітычнага аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Багданы Казярук, канцэнтрацыя цвёрдых часціц у сталічным паветры не перавышае норму.

“Рэзкае павышэнне тэмпературы, адсутнасць ападкаў, невялікі пераменны вецер ствараюць умовы, якія будуць спрыяць назапашванню забруджвальных рэчываў у паветры, — прагназуе Багдана Багданаўна. — Мы чакаем росту канцэнтрацыі асабліва фармальдэгіду, прыземнага азону ды дробнадысперснага пылу. Але гэта ў тэорыі, а як яно будзе на самой справе, ніхто не ведае. Хвалявацца няма чаго. Вось сёння ранішні дым разагнала і цяпер паветра ў горадзе нармальнае. То бок прырода сама ўсё зрабіла”.

Медыкі рэкамендуюць людзям са слабым здароўем гуляць на адкрытых, прадзіманых прасторах, далей ад магістраляў і прамысловых прадпрыемстваў. А лепей у самую спёку ў дзённыя гадзіны увогуле меней бываць на вуліцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі