Спачатку за пратэсты на 6 гадоў у калонію адправілі маці, цяпер на 3 гады — сына
За “экстрэмісцкі” каментар сыну палітзняволенай Таццяны Канеўскай Дзмітрыю Канеўскаму прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе spring96.org. Справу разглядаў Гомельскі абласны суд, суддзя — Руслан Царук. Мужчыну прызналі вінаватым у "наўмысных дзеяннях, скіраваных на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці". У адным з чатаў ён змясціў каментар з заклікам да гвалту ў дачыненні да міліцыянераў і іх сем'яў.
"Я на эмоцыях гэта напісаў, — казаў у судзе Канеўскі. — Агрэсія была ў дачыненні да міліцыянераў, якія займаюцца незаконнай дзейнасцю. У прыватнасці АМАП". Нібыта, амапаўцы забілі ў Лідзе яго калегу. Аднак следчыя заявілі, што ён жывы.
Пад вартай Зміцер Канеўскі знаходзіцца з 27 студзеня. Суд пачаўся ў канцы траўня. За некалькі тыдняў да гэтага таксама ў Гомелі судзілі групу давераных асоб Святланы Ціханоўскай. Маці Змітра Таццяна Канеўская была асуджана на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яна была прызнана палітзняволенай яшчэ ў жніўні 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.