"Спачатку здзівіць, пасля захапіць": як вайскоўцы рыхтаваліся да салюта 3 ліпеня

"Спачатку здзівіць, пасля захапіць": як вайскоўцы рыхтаваліся да салюта 3 ліпеня

3 ліпеня падчас святочнага салюта ў Мінску адбыліся чатыры выбухі, былі разбураныя салютныя ўстаноўкі. Аскепкамі параніла 10 чалавек, адна жанчына памерла. Распачатая крымінальная справа, следчыя дапытваюць вайскоўцаў, якія зараджалі ўстаноўкі "феерверачнымі вырабамі". Гэтых вайскоўцаў можна пабачыць на фотарэпартажы, які з'явіўся 2 ліпеня на сайце інфармагенцтва "Мінск-навіны".

З журналістамі напярэдадні свята размаўляў старшы лейтэнант Аляксей Круглік, камандзір патрульнай роты каменданцкага батальёна. Паводле яго слоў, тры салютныя ўстаноўкі ўсталявалі ў парку Перамогі каля стэлы "Мінск — горад-герой", па адной — на тэрыторыі былога аэрапорта Мінск-1, у ваенным гарадку Уручча, каля Чыжоўскіх могілак, у вёсцы Зацень і ў мікрараёне Навінкі. Столькі кропак патрэбна, каб салют бачылі ў розных раёнах сталіцы.

Паводле планаў, за 10 хвілін мусіла быць зроблена 30 залпаў з соцень ствалоў. У неба на вышыню 100-300 метраў збіраліся выпусціць каля 2,5 тысячы "феерверачных вырабаў". На фота можна пабачыць, як вайскоўцы займаліся зараджваннем установак. Цяпер няправільная зарадка — адна з версій здарэння, якую адпрацоўваюць следчыя.

"Выкарыстоўваем пяць калібраў: 105-ы, 125-ы, 150-ы, 195-ы і 310-ы, — гаварыў афіцэр. — Ад калібра залежыць вышыня, на якую пасля стрэлу падымецца снарад... Мы стараемся людзей спачатку здзівіць, а пасля ўжо захапіць відовішчнасцю...".

Аляксей Круглік падкрэсліваў, што зарадзіць устаноўку — гэта своеасаблівая творчасць. Для стварэння ў небе малюнкаў патрабуецца дакладны разлік.

— Чым плануеце 3 ліпеня здзівіць гледачоў? — пацікавіліся журналіст у старшага лейтэнанта.

— Сакрэты раскрываць не буду, — гаварыў Круглік. — Але скажу, што ў гэты раз мы выкарыстаем новыя феерверачныя вырабы, якія раней не паказвалі. Агульную карціну ўбачыце на салюце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі