Спецыялісты высветлілі, чаму ў Полацку ляжаў чорны снег
Лабараторны кантроль дапамог выявіць прычыну чорнага снегу ў Полацку. Выявілася, што полацкая кацельня перавышала выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, і сажа асядала ў бліжэйшых дварах, паведамляе БЕЛТА.
Праблема была заўважаная на мінулым тыдні. 27 студзеня ў сацсетках з'явіліся фатаздымкі з вуліцы Валогіна ў Полацку. У дварах сталяі чорныя снегавікі, бялізну на вуліцы сушыць было немагчыма. Утой жа дзень жыхары звярнуліся ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Спецыялісты адразу ўзялі пробы. Выявілася, што былі перавышаныя дапушчальныя нормы выкідаў аксіду вугляроду і дыяксіду азоту пры спальванні драўлянай дранкі ў кацельні. "28-29 студзеня спецыялістамі ААТ "Цеплаэнергетыка" Віцебска сумесна з работнікамі кацельні выяўлены прычыны дадзенага інцыдэнту і праведзеная праца па наладцы рэжыму працы кацельнага абсталявання", — заяўляюць у Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Наваполацкая інспекцыя прыродных рэсурсаў пачала адміністрацыйны працэс. Спецыялісты ацэньваюць памер прычыненай шкоды. Экалагічныя службы ўзялі на асаблівы кантроль дзейнасць кацельні на працягу ўсяго ацяпляльнага перыяду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.