Спецыяльныя лямпы могуць выратаваць ад восеньскай нуды. Колькі гэта каштуе ў РБ?

Как работают лампы от сезонной депрессии и где их купить в Беларуси

Святлатэрапія — даказаны метад лячэння, але ў беларускіх пратаколах яго па-ранейшаму няма / The Washington Post

Кожны год ад 3% да 5% усяго насельніцтва планеты пакутуюць на сезонны афектыўны разлад (САР), больш вядомы як "сезонная дэпрэсія". Гэта сур'ёзны клінічны дыягназ, і куды большая колькасць людзей не падыходзіць пад яго крытэрыі, хоць іх настрой таксама зніжаецца восенню і асабліва зімой. Калі вы сталі больш стомленымі, часцей адчуваеце сум і апатыю і спіце дольш, чым звычайна — верагодна, гэта таксама ваш выпадак.

Восень прынесла з сабой хандру: што такое сезонная дэпрэсія?

Добрая навіна такая, што дапамагчы сабе і ў прафілактыцы асенне-зімовага зніжэння настрою (ці гэта будзе САР, ці не), і ў яго лячэнні можа кожны. Для гэтага трэба... не, не простая савецкая сода, а спецыяльныя лямпы. Вось як гэта працуе (па навуцы) і колькі такія прылады каштуюць у Беларусі.

 

Лямпы, якія ратуюць ад нуды

Тэрапія святлом — даказаны навукова і рэкамендаваны для лячэння сезоннага афектыўнага разладу метад. Яго раіць Амерыканская псіхіятрычная асацыяцыя, Нацыянальная служба аховы здароўя Вялікабрытаніі і вядучыя навуковыя арганізацыі, уключаючы John Hopkins University і Гарвард.

Лічыцца, што адной з прычын зніжэння настрою восенню і зімой з'яўляецца парушэнне цыркадных рытмаў (нашых "біялагічных гадзіннікаў"), павышэнне выпрацоўвання мелатаніна (максімальна спрашчаючы — гармона сну) і зніжэнне сератаніна (прасцей — гармона добрага самаадчування). Усё гэта адбываецца праз недахоп сонечнага святла.

Светотерапия для сезонной депрессии (САР) — какие лампы нужны
Імітацыя дзённага святла дапамагае адчуваць сябе лепей / The New York Times

Прачнуўшыся, такую спецыяльную лямпу трэба ўключыць на 20-30 хвілін, размясціць на адлегласці каля 20 сантыметраў ад асобы (залежыць ад мадэлі). Вочы мусяць быць расплюшчанымі, але не глядзіце на саму лямпу, пастаўце яе трошкі пад вуглом. І рабіце свае справы: правярайце пошту, чытайце навіны ці кнігу, мажце твар крэмам.

Праз паўгадзіны можна выключаць. І так кожны дзень.

 

Ці ёсць такія лямпы ў Беларусі? Колькі каштуюць?

Яшчэ адна добрая навіна: лямпы для святлатэрапіі можна купіць у Беларусі. Ёсць два асноўных тыпы: ультрафіялетавыя выпраменьвальнікі і лямпы дзённага святла, трэба браць другі варыянт.

Часцей за ўсё на рынку можна сустрэць лямпы дзённага святла ад Beurer. Напрыклад, мадэль TL 30 можна купіць у сярэднім за 250 рублёў, а TL 90 — за 680.

На "Вайлдберыз" прадаецца лямпа для святлатэрапіі ад PVHOME, каштуе яна ў раёне 80 рублёў. На "Азоне" або "Оз.баі" падобных тавараў мы не знайшлі.

Лямпы для святлатэрапіі ў Мінску — якія цэны
У Беларусі выбар лямпаў ёсць, хай і невялікі. Аднак пры выбары лямпы дзейнічае прынцып: чым большая (у дадзеным выпадку — плошча самой лямпы) — тым лепш

Можна знайсці лямпу для святлатэрапіі і на Aliexpress: напрыклад, ад кампаніі Dreamburgh з дастаўкай у Мінск цана складзе каля 22 долараў. Лямпа ад AKASO будзе з дастаўкай каштаваць 35-40 долараў.

Нюанс: з недарагімі лямпамі можа спатрэбіцца не 30, а 40-50 хвілін уздзеяння, і трымаць іх трэба будзе вельмі блізка (10-15 сантыметраў). Але ў любым выпадку глядзець проста на святло нельга. А пры выбары лямпы не купіце памылкова начнік. Правільная будзе падобная да планшэта. І чым большая плошча — тым лепш.

Калі вашы сваякі ці знаёмыя ездзяць у Еўропу, можна папрасіць іх прывезці такую лямпу. У Польшчы неблагія варыянты даступныя па кошце блізу 50-80 долараў (200-330 злотых), у Літве — 60-70 еўра. І лепшыя (больш дарагія), і досыць бюджэтныя мадэлі можна купіць на Amazon, потым патрэбна толькі даставіць іх вам.

Беражыце сябе і будзьце здаровыя! І памятайце: абавязкова звяртайцеся да ўрача-псіхатэрапеўта па дапамогу, калі разумееце, што вам становіцца псіхалагічна дрэнна. Атрымаць кваліфікаваную дапамогу псіхатэрапеўта або псіхіятра можна і бясплатна — падрабязней чытайце па гэтай спасылцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі