Справу аб порнароліку на БелМузТВ перададуць у суд (відэа)
Следчы камітэт завяршыў расследаванне гучнай справы.
Нагадаем, здарэнне адбылося 13 красавіка. Каля 16-й гадзіны на канале "БелМузТВ" на нейкі час музычныя кліпы перапыніліся трансляцыяй парнаграфічнага відэа. Па факце дэманстрацыі порнароліка завялі крымінальную справу. Супрацоўніка тэлеканала, 1985 года нараджэння, які здзейсніў "дыверсію", адшукалі і затрымалі ў Магілёве.
Яго абвінавачваюць у наўмысных дзеяннях — "захоўванні парнаграфіі з мэтай рэкламавання, у тым ліку, заведама непаўналетнім, самім рэкламаванні парнаграфіі, а таксама ў публічнай дэманстрацыі порнафільма". Сваю віну былы працаўнік "БелМузТВ" прызнаў цалкам. Ён патлумачыў, што "злачынныя дзеянні здзейсніў з уласнай ініцыятывы, мэтанакіравана, загадзя іх спланаваў". Свой учынак хлопец раней тлумачыў прыгнечаным станам — яго былая дзяўчына ўзяла шлюб. Таксама яго не задавальняла праца і заробак. Мужчыну хацелася здзейсніць нешта такое, што б выклікала адмоўную рэакцыю грамадства ў яго бок.
Была праведзеная псіхіятрычная экспертыза, высветлілася, што ў лячэнні мужчына не мае патрэбы. Ён знаходзіцца за кратамі. Справу перадалі пракурору для накіравання ў суд, распавёў Еўрарадыё прадстаўнік Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.