Скандал на "БелМузТВ": каналу папярэджанне, а на супрацоўніка завялі справу

На канале "БелМузТВ" паказалі порна, а падазраванага ў гэтым супрацоўніка хутка затрымалі. Але кіраўніцтва тэлеканала мяркуе, што паказ роліка для дарослых мог быць спланаванай акцыяй, скіраванай супраць канала дзеля яго дыскрэдытацыі. І затрыманы супрацоўнік мог дзейнічаць не адзін. На "БелМузТВ" катэгарычна адмаўляюць, што піярыліся такім чынам.


"Гэта падаецца больш сур'ёзнай справай, чым нейкае хуліганства або халатнасць чалавека. Ёсць адчуванне, што гэта было зроблена не проста так. І ён адзін не мог зрабіць гэта. Гэта быў бы безразважны крок, каб выкарыстоўваць такія дзеянні дзеля піяру".


Тэлеканал, дарэчы, прынёс прабачэнні на сайце і ў эфіры.


Нагадаем, 13 красавіка каля 16-й гадзіны на канале "БелМузТВ" на нейкі час музычныя кліпы перапыніліся трансляцыяй парнаграфічнага відэа, пра што сталі масава паведамляць гледачы ў інтэрнэце. Па факце дэманстрацыі порна-роліка завялі крымінальную справу.


Праз некаторы час стала вядома, што затрыманы і падазраваны — відэаінжынер тэлеканала. Еўрарадыё сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці справы. Як паведамілі ў Следчым камітэце па Мінску, абвінавачаны прызнаў сваю віну і патлумачыў прычыны.


"Ён ураджэнец Магілёва. У яго там жывуць бацькі. Падчас папярэдняй размовы ён патлумачыў свой учынак прыгнечаным псіхічным станам, які ўзнік у яго пасля таго, як ён пасварыўся са сваёй дзяўчынай. Такім чынам ён выказаў свой пратэст".


Праваахоўнікі высветлілі, што відэаінжынер канала, "знаходзячыся на працоўным месцы, на працягу каля 10 хвілін здзейсніў публічную дэманстрацыю відэаматэрыялаў парнаграфічнага зместу". Ён паставіў у плэйліст порна-ролікі, зачыніў дзверы і зламаў ключ. Сам сышоў, а ахоўніку сказаў, што ідзе пакурыць.


Пасля гэтага відэаінжынер канала паехаў да бацькоў у Магілёў, дзе яго і затрымалі каля першай ночы супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі мінскай міліцыі разам з магілёўскімі праваахоўнікамі.


На працы відэаінжынера характарызуюць як замкнёнага, але скрупулёзнага супрацоўніка. Яму 28 гадоў, уладкаваўся на канал у жніўні 2012 года, прыехаў з Магілёва. Але, як даведалася Еўрарадыё, у Магілёве на тэлебачанні ён не працаваў.


Дарэчы, гэта не першы падобны выпадак на "БелМузТВ". Яшчэ ў 2011 годзе ў ЖЖ з'явіўся здымак, на якім бачна, што па канале паказваюць адкрытую эратычную сцэну. У кіраўніцтве тэлеканала тлумачаць:


"Гэта быў цалкам фарматны кінапрадукт, фільм, які літаральна праз тыдзень таксама паказвалі на адным з цэнтральных каналаў. Гэта моладзевая камедыя, якую мы паказалі ўвечары".


У Мінінфармацыі сказалі, што закрываць "БелМузТВ" за гэты інцыдэнт не будуць, а толькі выпішуць афіцыйнае папярэджанне.


Таксама спецыялісты правядуць экспертызу прадэманстраванага роліка і пададуць свае высновы ў праваахоўныя органы, якія вядуць расследаванне крымінальнай справы па гэтым факце. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, СМІ могуць закрыць пры наяўнасці некалькіх папярэджанняў на працягу года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі