Спявачка Мэрыем Герасіменка расказала, як сілавікі выбівалі паказанні на яе

Мэрыем Герасіменка

Мэрыем Герасіменка / t.me/sergechalychannel/

Спявачка Мэрыем Герасіменка ў праграме "Ноч з Чалым" расказала, як сілавікі ў Беларусі выбівалі паказанні на яе. Яе маладога чалавека забралі ў ГУБАЗіК. Там яго "нацягнулі ластаўкай — гэта калі чатыры чалавекі цягнуць за рукі, за ногі". "Збівалі яго проста да стану каматозу, таму што ён адмаўляўся даваць ілжывыя паказанні, — распавядае спявачка. — Яны яго прымушалі сказаць, што сродкі з майго дабрачыннага канцэрта ў "Банкі-бутылкі" адпраўляліся на спансаванне УСУ [Узброеных сіл Украіны]".

Мэрыем Герасіменка затрымлівалі ў жніўні 2022 года ў Мінску пасля вулічнага канцэрту на тэрасе бара на Зыбіцкай. Яна праспявала песню ўкраінскага гурта "Акіян Эльзы" "Обійми". Спявачку двойчы арыштавалі на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. У студзені 2023-га Герасіменка была асуджана па артыкуле "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" на 3 гады "хатняй хіміі". У лютым 2023-га МУС РБ дадало былую палітзняволеную ў "спіс экстрэмістаў". Сёлета стала вядома, што спявачка з'ехала з Беларусі і знаходзіцца ў бяспецы за мяжой.

Мэрыем Герасіменка таксама распавяла ў праграме пра паўгода ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Яна часта спявала за кратамі. Ёй апладзіравала не толькі яе камера, але і суседнія. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі