З Беларусі з'ехала спявачка Мэрыем Герасіменка, асуджаная на "хатнюю хімію"

Мэрыем Герасіменка

Мэрыем Герасіменка / Instagram

З Беларусі з'ехала спявачка Мэрыем Герасіменка, асуджаная на "хатнюю хімію". Пра яе паспяховую эвакуацыю піша праваабаронца, сузаснавальнік і кіраўнік фонду дабрачыннай дапамогі BYSOL Андрэй Стрыжак: "Гэта была вельмі працяглая па часе, цікавая і няпростая аперацыя, і я рады што паспяховая". Цяпер Герасіменка знаходзіцца ў бяспецы. 

"Я пакінула Беларусь!.. Зараз я абсалютна шчаслівая, а шчаслівая, таму што цалкам вольная і працягваю свой яркі шлях", напісала спявачка ў Instagram.

Мэрыем Герасіменка затрымлівалі ў жніўні 2022-га ў Мінску пасля вулічнага канцэрту на тэрасе бара на Зыбіцкай. Яна праспявала песню ўкраінскага гурта "Акіян Эльзы" "Обійми" у падтрымку Украіны. Спявачку двойчы арыштавалі на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. У студзені 2023-га Герасіменка была асуджана па артыкуле "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яе справу разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Вікторыя Шабуня).

У лютым 2023-га МУС РБ дадало былую палітзняволеную ў "спіс экстрэмістаў".

Беларусь таксама пакінулі ўладальнік бару “Банки-бутылки” і яго жонка. Андрэй і Марыя Жук цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Сямейную пару затрымалі на наступны дзень пасля таго, як Мэрыем Герасіменка праспявала ў іх бары. Іх прысудзілі да “хатняй хіміі” — за ўдзел у пратэсных маршах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі